Мінск 10:13

У Мінску другі раз за год павышаны кошт праезду ў грамадскім транспарце

25 лістапада, Позірк. Кошт праезду ў грамадскім транспарце сталіцы з 25 лістапада павялічыўся на 10 капеек, адпаведнае рашэнне № 4937 ад 23 лістапада прыняў Мінгарвыканкам.

Кошт адной паездкі ў аўтобусах, тралейбусах і трамваях вырас з 1,1 да 1,2 рубля (на 9,1%), у метро — з 1,15 да 1,25 рубля (на 8,7%). Аналагічныя тарыфы ўстаноўленыя на правоз аднаго месца ручной паклажы.

Гранічны максімальны тарыф на праезд у маршрутных таксі да Нацыянальнага аэрапорта Мінск павялічаны з 3,3 да 5 рублёў (на 51,5%). Для перавозак у гарады-спадарожнікі сталіцы ён застаўся ранейшым — 5 рублёў за паездку.

Як паведамляў “Позірк”, папярэдні раз тарыфы былі павышаныя 27 сакавіка 2026 года. Тады кошт адной паездкі ў гарадскім транспарце павялічыўся на 15 капеек.

Такім чынам, з пачатку года кошт праезду ў наземным грамадскім транспарце Мінска павялічыўся на 26,3%, у метрапалітэне — на 25%.

Да гэтага праезд у сталіцы даражэў 10 красавіка 2025 года (да 95 капеек у наземным транспарце і 1 рубля ў метро) і ў траўні 2022 года.

Паводле звестак Мінгарвыканкама на сакавік 2026 года, сабекошт адной паездкі ў наземным транспарце складаў 3,71 рубля, у метрапалітэне — 2,93 рубля.

Падзяліцца: