be
Arrow
Мінск 18:33

Шэсць беларускіх арганізацый падпісалі зварот супраць старшынства Азербайджана ў АБСЕ

Фота: pixabay.com

24 лістапада, Позірк. 46 арганізацый грамадзянскай супольнасці заклікалі краіны — ўдзельніцы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) не дапусціць старшынства Азербайджана ў 2027 годзе.

Сярод падпісантаў звароту — шэсць беларускіх арганізацый, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Акрамя “Вясны”, зварот падпісалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Звозскава, Human Constanta, Беларускі ПЭН.

Аўтары звароту лічаць, што ўрад Азербайджана “не з’яўляецца надзейным партнёрам у галіне бяспекі, экалогіі або правоў чалавека“. Перадача старшынства аўтарытарнаму ўраду “значна аслабіць легітымнасць і аўтарытэт“ АБСЕ, гаворыцца ў заяве.

Нагадваецца, што з 2013 года Азербайджан праводзіць маштабныя рэпрэсіі супраць незалежнай грамадзянскай супольнасці — НДА, СМІ і праваабаронцаў, а з канца 2023-га яны ўзмацніліся. Азербайджанскія праваабарончыя групы задакументавалі больш за 300 палітычных зняволеных. Паводле слоў аўтараў, Азербайджан застаецца адной з краін з самым высокім працэнтам нявыкананых пастаноў Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Падпісанты просяць дзяржавы — ўдзельніцы АБСЕ адхіліць любую кандыдатуру Баку на пасаду старшыні.

Магчымасць старшынства Азербайджана ў 2027 годзе абмяркоўвалі на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ, у тым ліку 19 лістапада.

Еўрапейскі суд па правах чалавека, Венецыянская камісія і Камітэт ААН супраць катаванняў раней адзначалі, што заканадаўства Азербайджана аб НДА і СМІ не адпавядае міжнародным стандартам. У кастрычніку Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае злоўжыванне законамі аб нацыянальнай бяспецы супраць НДА і СМІ, ПАСЕ ў чэрвені 2026 года прызнала сістэмнае задушэнне іншадумства ў краіне.

З 1993 года Азербайджанам кіруе дынастычны рэжым Аліевых. У 2003-м Гейдар Аліеў дэ-факта перадаў уладу свайму сыну Ільхаму Аліеву.

Падзяліцца: