Мінск 15:30

Вайсковы аташэ пры амбасадзе Алжыра ў РФ акрэдытаваны ў Беларусі па сумяшчальніцтве

Вайсковы аташэ пры амбасадзе Алжыра ў Расіі і Беларусі па сумяшчальніцтве Лазхар Хамуд
Фота: прэс-служба Мінабароны Беларусі

24 лістапада, Позірк. Вайсковы аташэ пры амбасадзе Алжыра ў Расіі Лазхар Хамуд акрэдытаваны ў Беларусі па сумяшчальніцтве, паведаміла 24 лістапада прэс-служба беларускага Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што першы намеснік начальніка Дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы Мінабароны Юрый Харын абмеркаваў з алжырскім вайсковым дыпламатам “стан і перспектывы ўзаемадзеяння паміж абароннымі ведамствамі дзвюх краін”.

Бакі таксама ўзгаднілі “далейшыя крокі па ўмацаванні вайсковай супрацы” Беларусі і Алжыра, абмяняліся меркаваннямі па рэгіянальных і глабальных праблемах міжнароднай бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 1 лістапада прэзідэнта Алжыра Абдэльмаджыда Тэбуна з Днём рэвалюцыі, заявіў пра “істотную дынаміку” двухбаковых стасункаў і зноў запрасіў яго “наведаць Беларусь у любы зручны час”, каб “працягнуць даверны дыялог для ўмацавання двухбаковага партнёрства”.

Тэбун пацвердзіў намер наведаць Беларусь, пра гэта 22 кастрычніка заявіла беларускае знешнепалітычнае ведамства па выніках сустрэчы прэзідэнта Алжыра з амбасадарам Яўгенам Сабалеўскім, якая адбылася напярэдадні. Дыпламат уручыў палітыку даверчыя граматы.

Пра тое, што Тэбун мае намер наведаць Беларусь, 6 жніўня 2026 года ў Мінску заявіў алжырскі дзяржаўны міністр, міністр замежных спраў, па справах нацыянальных супольнасцяў за мяжой і афрыканскіх спраў Ахмед Атаф. Чыноўнік перадаў Лукашэнку пасланне ад Тэбуна, у якім той пацвердзіў “глыбокае сяброўства” з беларускім палітыкам і гатоўнасць працаваць з ім “плячо ў плячо” для падвышэння ўзроўню двухбаковых стасункаў.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Алжырам усталяваныя 24 кастрычніка 1995 года. Краіны не маюць дыпламатычных прадстаўніцтваў на тэрыторыі адна адной і прадстаўленыя толькі на ўзроўні амбасадараў, акрэдытаваных па сумяшчальніцтве.

Падзяліцца: