Мінск 15:22

Распачатая крымінальная справа па факце траўмавання электрыка 23 лістапада ў Мінску

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

24 лістапада, Позірк. Пасля таго як напярэдадні ў сталіцы быў сур’ёзна траўмаваны 53-гадовы электрык, аддзел Следчага камітэта па Цэнтральным раёне Мінска распачаў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 303 КК (парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ, якое з неасцярожнасці прывяло да прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання).

Паводле інфармацыі прэс-службы СК, цяпер высвятляюцца ўсе абставіны здарэння, дапытваюцца “падазраваныя і сведкі”. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў.

Напярэдадні стала вядома, што электрык упаў з вышыні каля 9 метраў, выконваючы работы на шматпавярховым будынку, які ўзводзіцца ў цэнтры Мінска. Мужчына быў шпіталізаваны.

За апошнія тыдні ў Беларусі адбылося некалькі смяротных няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

10 лістапада ў Барысаўскім раёне (Мінская вобласць) загінуў 59-гадовы работнік лясгаса. Мужчына нарыхтоўваў дровы з дапамогай бензапілы. Ствол дрэва, якое ён распілоўваў, пераламаўся — частка ўпала на галаву работніку. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына быў без ахоўнай каскі.

5 лістапада паведамлялася пра гібель на прадпрыемстве ў Наваполацку (Віцебская вобласць) 38-гадовага фармоўшчыка. Пасля завяршэння асноўнай працы ён вырашыў ліквідаваць няспраўнасць металічнай брамы цэха. Канструкцыя перакулілася і прыціснула мужчыну.

Увечары 3 лістапада на лесапільні ў Магілёўскай вобласці загінуў 28-гадовы кіроўца самазвала — яго ўдарыла токам падчас разгрузкі машыны.

Паводле даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у 2025 годзе на вытворчасці траўмавана 1.835 работнікаў, з іх са смяротным вынікам — 103. Генпракуратура, якая прадставіла звесткі, назвала гэта гістарычным мінімумам.

Падзяліцца: