Мінск 11:36

Малдова да канца студзеня 2027 года распрацуе план далучэння да санкцый ЕС супраць Расіі і Беларусі

Кішынёў Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

24 лістапада, Позірк. Пра рашэнне распрацаваць да канца студзеня 2027 года “дарожную карту па падрыхтоўцы да далучэння” да санкцый Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі і Расіі паведаміла 24 лістапада Міністэрства замежных спраў Малдовы.

Адзначаецца, што адпаведнае рашэнне прыняў міжведамасны савет пад старшынствам прэм’ер-міністра Васіле Тафана.

Дарожная карта закліканая “забяспечыць падрыхтоўку нарматыўна-прававой базы і нацыянальных механізмаў, неабходных для рэалізацыі будучага рашэння аб далучэнні” Малдовы да сектаральных і індывідуальных санкцый ЕС супраць Беларусі, а таксама сектаральных санкцый супраць РФ.

Чакаецца, што дакумент будзе грунтавацца на “ацэнцы эканамічных і сацыяльных наступстваў далучэння да абмежавальных мер”, а таксама што ў ім будуць прадугледжаныя “захады па іх змякчэнні з улікам выяўленых уразлівасцяў, магчымасцяў адаптацыі і неабходнасці дадатковага ўмяшання”.

Сярод першачарговых дзеянняў пазначаныя кансультацыі з прадстаўнікамі галін эканомікі і распрацоўка рэкамендацый для суб’ектаў гаспадарання адносна сферы прымянення абмежаванняў, дзейных выключэнняў і працэдур выканання вызначаных патрабаванняў.

МЗС нагадала, што да моманту ўступлення ў Еўрасаюз Малдова мае далучыцца да ўсіх абмежавальных мер, прынятых ЕС у межах агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, забяспечыць іх рэалізацыю і прадухіленне абыходу.

Як паведамляў “Позірк”, 10 лістапада міністр замежных спраў Малдовы Міхай Папшой заявіў пра падрыхтоўку Кішынёва да далучэння да астатніх сектаральных санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі і Расіі. Канкрэтныя тэрміны і пералік абмежаванняў дыпламат тады не назваў.

6 кастрычніка міністр сельскай гаспадаркі Малдовы Яўген Асмакеску не выключыў далучэння краіны да санкцый ЕС супраць беларускага калію. Паводле яго слоў, абмяркоўвалася поўнае далучэнне да еўрапейскіх санкцый у дачыненні да Беларусі і Расіі, аднак неабходна было знайсці новых пастаўшчыкоў угнаенняў па выгадных цэнах і ацаніць наступствы такога рашэння для сельскай гаспадаркі краіны.

20 верасня кіраўнік гэтага ведамства выступіў за поўную адмову ад экспарту тавараў у Беларусь і Расію, адзначыўшы, што гэта прадэманстравала б прыхільнасць Кішынёва да санкцыйнай палітыкі Захаду.

Малдова, як і Украіна, пачала далучацца да санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі пасля атрымання статусу кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз у чэрвені 2022 года.

Паводле даных беларускага МЗС, у 2024 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Малдовай склаў 176,1 млн долараў.

Паводле даных Малдовы, пададзеных у базу статыстыкі міжнароднага гандлю ААН (UN Comtrade), у 2025 годзе тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў 125,89 млн долараў, у тым ліку малдаўскі экспарт у Беларусь — 75,76 млн, імпарт — 50,13 млн. Паводле інфармацыі Нацыянальнага бюро статыстыкі Малдовы, імпарт беларускіх тавараў за год скараціўся на 43,2%. На Беларусь прыпала 2% сукупнага малдаўскага экспарту.

Падзяліцца: