Рэжым НС будзе ўведзены ў Лунінецкім і Жыткавіцкім раёнах падчас вучэнняў МУС па “спыненні масавых беспарадкаў”

24 лістапада, Позірк. Пра будучае ўвядзенне рэжыму надзвычайнага становішча ў Лунінецкім (Брэсцкая вобласць) і Жыткавіцкім (Гомельская вобласць) раёнах паведаміў 24 лістапада міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.
Адкрываючы камандна-штабныя вучэнні МУС, кіраўнік ведамства падкрэсліў, што гэта будзе зроблена “для праверкі зладжанасці ўсіх задзейнічаных службаў”.
Прэс-служба МУС назвала тэмай манеўраў “кіраванне сіламі дзяржаўнай сістэмы рэагавання пры спыненні масавых беспарадкаў ва ўмовах рэзкага абвастрэння аператыўнай абстаноўкі і ўвядзення надзвычайнага становішча”.
“Аналіз сітуацыі паблізу нашых межаў, нядаўніх трагічных падзей у Польшчы, абставін тэрактаў і масавых беспарадкаў у іншых краінах Еўропы, якія адбыліся за апошнія два гады, ход “спецыяльнай ваеннай аперацыі” (так беларускія чыноўнікі і дзяржпрапаганда называюць развязаную РФ вайну супраць Украіны. — “Позірк”.), а таксама наш досвед 2020 года паказваюць: часу на раскачку пры ўзнікненні крызісу ў нас проста не будзе”, — сказаў Кубракоў.
Паводле яго слоў, “масавыя беспарадкі або экстрэмісцкія праявы” могуць у Беларусі “ўспыхнуць раптоўна”, пры гэтым “трыгерам можа стаць любая падзея”.
Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка паставіў перад сілавым блокам задачу: не дапусціць паўтарэння падзей 2020 года. “Калі грамадзяне здзяйсняюць злачынствы, яны павінны быць пакараныя ў адпаведнасці з законам”, — адзначыў міністр.
Кубракоў нагадаў, што сёлета ва ўсіх рэгіёнах і сталіцы праведзена баявое зладжванне спецпадраздзяленняў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, арганізаваныя камандна-штабныя трэніроўкі.
Аператыўна-сітуацыйнымі штабамі, дадаў чыноўнік, акцэнт рабіўся на “практыку, адмову ад шаблонаў, развіццё самастойнасці і гнуткасці ў прыняцці рашэнняў, наўмыснае стварэнне нестандартных умоў, максімальна набліжаных да баявых”.
У прыватнасці, паводле яго слоў, гаворка ідзе пра арганізацыю медыцынскай дапамогі, памежны кантроль, “аператыўны інфармацыйны адказ на фэйкі і ўкіды ў інтэрнэце”, забеспячэнне работнікаў МНС спецыяльнымі сродкамі, функцыянаванне Мінскага метрапалітэна, карэкціроўку графіка руху пасажырскіх цягнікоў, працу службаў таксі і інш.
Распачатыя вучэнні “ў пэўнай ступені” падвядуць вынік “вялікай працы”, праведзенай у 2026 годзе па “праверцы гатоўнасці і наладжванні ўзаемадзеяння паміж усімі зацікаўленымі структурамі”, падкрэсліў кіраўнік ведамства.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаЗа дзевяць месяцаў колькасць укладчыкаў павялічылася на 6,8% — даныя НацбанкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваСК прапануе ўвесці крымінальную адказнасць за перапродаж SIM-карт і акаўнтаў інтэрнэт-рэсурсаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка

