Мінск 17:11

Суд Горацкага раёна прызнаў “экстрэмісцкім” кантэнт трох замежных СМІ — амерыканскага, нямецкага і ўкраінскага

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

24 лістапада, Позірк. Пра прызнанне “экстрэмісцкімі матэрыяламі” інтэрнэт-рэсурсаў шэрагу беларускіх і замежных медыяпраектаў сведчаць абнаўленні ў адпаведным спісе на сайце Міністэрства інфармацыі.

У пералік уключаныя рашэнні суда Горацкага раёна (Магілёўская вобласць) ад 20 лістапада.

У спіс унесеныя: сайт спецпраектаў нямецкага праекта Dekoder (specials.dekoder.org), парталы RTVI US (rtvi.us, ЗША), today.ua (Украіна) і беларускага выдання “Салідарнасць” (salidarnast.info).

Гэтым жа судом “экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнаны блог карыстальніка yadocent на платформе LiveJournal.

Dekoder — нямецкі некамерцыйны медыяпраект, запушчаны ў 2015 годзе. Ён знаёміць нямецкамоўную аўдыторыю з публікацыямі незалежных СМІ, якія асвятляюць падзеі ў Расіі і Беларусі, а таксама з даследаваннямі навукоўцаў і экспертаў. Двойчы быў уганараваны нямецкай медыяпрэміяй Grimme Online Award (2016 і 2021 гады).

RTVI US — рускамоўнае медыя са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку, якое надае асаблівую ўвагу палітычнаму, эканамічнаму і культурнаму жыццю ЗША.

Today.ua пазіцыянуе сябе як незалежнае ўкраінскае анлайн-медыя, якое працуе з 2017 года. Публікуе навіны Украіны і свету на ўкраінскай і рускай мовах.

Гісторыя “Салідарнасці” вядзецца ад сакавіка 1991 года, калі ў Салігорску (Мінская вобласць) пачала выходзіць аднайменная газета Беларускага незалежнага прафсаюза. З 2006 года выданне працуе выключна ў інтэрнэце. 4 ліпеня 2023 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” сайт “Салідарнасці”, яе тэлеграм-канал і старонкі ў сацыяльных сетках “Фэйсбук”, “ЦікТок” і “Твітар”.

У 2026 годзе рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі інтэрнэт-рэсурсы шэрагу замежных СМІ, у тым ліку брытанскай медыякарпарацыі “Бі-бі-сі”, амерыканскага “Голасу Амерыкі”, тэлеканала “Еўраньюс” і эстонскага выдання Postimees.

Як паведамляў “Позірк”, 24 лістапада на сустрэчы з членамі савета дырэктараў міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускія ўлады неадкладна рэагуюць на з’яўленне ў інтэрнэце інфармацыі, якую лічаць дэструктыўнай.

“Мы, не задумваючыся, прымаем адпаведныя меры, што б там ні верашчалі з усіх бакоў. Таму што стабільнасць для дзяржавы — найважнейшы фактар. Мы гэта перажылі ў 2020 годзе. І не хочам, каб гэта паўтарылася”, — сказаў палітык.

МТРК “Мір” Лукашэнка назваў важнай “зброяй” для абароны агульнай інфармацыйнай прасторы краін СНД.

Падзяліцца: