Мінск 19:21

Лідары сямі краін заклікалі ЕС не дапускаць беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў на тэрыторыі Еўропы

Ілюстрацыйнае фота: Alexey Larionov / unsplash.com

24 лістапада, Позірк. Прэм’ер-міністры шасці краін, а таксама прэзідэнт Літвы звярнуліся да кіраўніцтва ЕС з заклікам не дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі да спаборніцтваў у Еўропе.

Ліст, датаваны 23 лістапада, адрасаваны старшыні Еўрасавета Антоніу Кошце і кіраўніцы Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен, яго тэкст апублікаваны на сайце выдання Politico.

Аўтары заяўляюць, што ўдзел расійскіх каманд і атлетаў у еўрапейскіх турнірах у Крамлі “залічаць як перамогу”. На іх думку, гэта стварае рызыку “паўзучага прыняцця” расійскай агрэсіі супраць Украіны, а аддзяліць спорт ад геапалітыкі “проста немагчыма”.

Палітыкі спасылаюцца на пазіцыю Еўрасавета: пакуль ва Украіне няма справядлівага і трывалага міру, нельга дапускаць нармалізацыі ўдзелу Расіі і Беларусі ў міжнародных спартыўных і культурных мерапрыемствах, у прыватнасці праз дэманстрацыю дзяржаўнай сімволікі.

“Надышоў час увасобіць гэтую пазіцыю ў жыццё”, — гаворыцца ў лісце.

Праблему, як адзначаецца, можа вырашыць абноўлены Візавы кодэкс, аднак яго праект чакаецца не раней за першы квартал 2027 года, прыняцце ж новых правілаў зойме час. Падпісанты прапануюць закласці адпаведныя нормы ў прынцыпы выдачы віз грамадзянам Расіі, якія рыхтуюцца: яны павінны прадухіляць “неістотныя паездкі”, у тым ліку ўдзел у спартыўных спаборніцтвах. Лідары таксама заклікалі краіны ЕС не выдаваць візы расійскім і беларускім спартсменам. Сваю пазіцыю яны маюць намер агучыць на бліжэйшым пасяджэнні Еўрасавета.

У лісце канстатуецца, што па меры набліжэння зімы Расія нарошчвае ўдары па мірных жыхарах і крытычнай інфраструктуры Украіны. Акрамя таго, узмацніліся гібрыдныя атакі на тэрыторыі Еўропы, у тым ліку дыверсіі.

Ліст падпісалі Метэ Фрэдэрыксен (Данія), Крыстэн Міхал (Эстонія), Петэры Орпа (Фінляндыя), Андрыс Кулбергс (Латвія), Гітанас Наўседа (Літва), Дональд Туск (Польшча) і Ульф Крыстэрсан (Швецыя).

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананні шэрагу ўмоў.

7 траўня гэтага года выканкам МАК заявіў, што “больш не рэкамендуе якіх-небудзь абмежаванняў на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

Адзначалася, што МАК “адмяніў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая датычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.

Пасля гэтага пра допуск беларускіх спартсменаў да сваіх спаборніцтваў на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

Падзяліцца: