Мінск 15:55

Лукашэнка: Забудзьцеся пра “транзіт улады”, бог вырашыць, калі я павінен сысці

Архіўнае фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

25 лістапада, Позірк. Забыцца пра “перадачу ўлады” і “транзіт улады” ў Беларусі заклікаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point.

Фрагменты інтэрв’ю публікуюць 25 лістапада прэс-служба палітыка і дзяржСМІ.

“Каго народ абярэ, той і будзе. Абяцаю вам. Калі вы вельмі заклапочаныя зменай нашай улады. Вось каго народ абярэ, як у 90-я”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго сцвярджэння, “пераемнік” будзе абраны такім жа чынам, як ён сам у 1994 годзе. “Ну, напэўна, калі я буду сыходзіць ад улады, у мяне нейкія будуць упадабанні. Але не тыя ўпадабанні, пра якія вы думаеце”, — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне журналісткі Ан Ніва пра тое, ці можа яго малодшы сын Мікалай стаць пераемнікам, Лукашэнка заявіў, што той з-за ўзросту не можа прэтэндаваць на прэзідэнцкую пасаду.

“Майму малодшаму сыну, які цяпер у войску служыць, 22 гады. Які ён прэзідэнт? Ён па Канстытуцыі не можа быць прэзідэнтам. Але я яго не рыхтую ў прэзідэнты. Ні старэйшага, ні сярэдняга, ні малодшага”, — заявіў прамоўца.

“Я яшчэ не збіраюся заўтра сыходзіць з пасады прэзідэнта. Не, заўтра не збіраюся. А там як бог дасць. Я лічу, што бог адыграў галоўную ролю ў тым, што я стаў прэзідэнтам. Дасць бог, вырашыць, калі я павінен пакінуць гэтую пасаду і сысці”, — дадаў Лукашэнка, які раней называў сябе “праваслаўным атэістам”.

Як паведамляў “Позірк”, у апублікаваным 8 жніўня 2025 года інтэрв’ю амерыканскаму выданню Time Лукашэнка заявіў, што не плануе балатавацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Тады ж ён адхіліў магчымасць таго, што яго пераемнікам стане малодшы сын Мікалай.

У інтэрв’ю расійскаму прапагандысцкаму тэлеканалу RT 17 красавіка 2026 года Лукашэнка, разважаючы пра перспектывы змены ўлады, таксама заявіў, што рашэнне застанецца за беларускім народам.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. Яго сёмы прэзідэнцкі тэрмін пачаўся 25 сакавіка 2025 года. Згодна з абноўленай на рэферэндуме 2022 года Канстытуцыі, ён мае права балатавацца яшчэ на адзін пяцігадовы тэрмін.

З красавіка 2024 года Лукашэнка сумяшчае пасады прэзідэнта і старшыню Усебеларускага народнага сходу.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Падзяліцца: