Мінск 00:26

НПЦ пры Генпракуратуры абмяркоўвае “рэвізію рэгіянальнай сімволікі” — у кантэксце “экстрэмізму”

25 лістапада, Позірк. Выпрацоўку “навукова і сацыяльна абгрунтаваных падыходаў” да рэгіянальнай геральдыкі “для недапушчэння выкарыстання сфарміраваных у 90-я гады сімвалаў у экстрэмісцкай дзейнасці” абмеркавана 24 лістапада на круглым стале ў Генпракуратуры.

Намеснік дырэктара НПЦ праблем умацавання законнасці і правапарадку пры ведамстве Алег Русецкі заявіў, што “правільнае фарміраванне і выкарыстанне геральдычных сімвалаў служаць умацаванню суверэнітэту і абароне гістарычнай памяці”

“Геральдычныя сімвалы — гэта не проста атрыбутыка. Яны служаць выказваннем ідэй і сэнсаў, непасрэдна ўздзейнічаюць на свядомасць і паводзіны грамадзян. Іх выявы, сфарміраваныя ў адрыве ад рэальнасці і без уліку дзяржаўнай ідэалогіі, могуць служыць прычынамі і ўмовамі экстрэмізму”, — цытуе спікера прэс-служба Генпракуратуры.

Русецкі заявіў таксама, што “сёння ўяўляецца неабходнай рэвізія рэгіянальнай сімволікі” з улікам “патрабаванняў нацыянальнай ідэолагі”.

Сакратар Геральдычнай рады пры прэзідэнце Алег Странькоўскі “звярнуў увагу на недапушчальнасць выкарыстання афіцыйных сімвалаў у экстрэмісцкіх мэтах“, а таксама “неабходнасць прававой абароны дзяржаўнай геральдыкі: “Выкарыстанне геральдычных сімвалаў павінна быць строга рэгламентавана. Мы бачым спробы дыскрэдытацыі афіцыйных сімвалаў. І гэта патрабуе адэкватнага прававога рэагавання”.

Прыкладаў спікер не прывёў.

У рэлізе не названы канкрэтныя гербы і сімвалы. Верагодна, размова ідзе аб сімволіцы герба “Пагоня” (вершнік на кані), які быў дзяржаўным у 1991–1995 гадах і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Бел-чырвона-белы сцяг і згаданы герб, заснаваныя на гістарычнай сімволіцы, перасталі быць дзяржаўнымі пасля рэферэндуму 14 траўня 1995 года, менш як праз год пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Замест іх былі вернуты савецкія знакі з некаторымі зменамі ў дызайне.

Былыя дзяржсімвалы наўпрост не забароненыя і не прызнаныя “экстрэмісцкімі“ ў Беларусі, аднак фактычна трапілі пад ганенні і забароны пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года і масавых пратэстаў, падчас якіх выкарыстоўваліся.

“Пагоня” прысутнічае ў афіцыйнай геральдыцы Магілёва, Лепеля і Верхнядзвінска (Віцебская вобласць), Рэчыцы (Гомельская), а таксама саміх гэтых абласцей. Сімвал выкарыстоўваецца ў Літве і Польшчы.

Абвінавачанні ў “экстрэмізме” для падаўлення іншадумства ўлады масава практыкуюць ужо больш за шэсць гадоў.

Падзяліцца: