Мінск 14:07

Планаваная амністыя “абмежаваная ў дачыненні да тых, хто здзейсніў экстрэмісцкія злачынствы” — Чупрыс

Архіўнае фота: БРКА

26 лістапада, Позірк. Планаваная амністыя не мае ўсеагульнага характару, заявіла 26 лістапада намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс.

Паводле яе слоў, якія перадаюць дзяржСМІ, амністыя будзе “абмежаваная ў дачыненні да асоб, якія здзейснілі наўмыснае забойства пры абцяжарвальных абставінах, злачынствы ў дачыненні да непаўналетніх або звязаныя з нявыплатай аліментаў на ўтрыманне дзяцей, экстрэмісцкія злачынствы, а таксама ў дачыненні да тых, хто злосна парушае парадак адбывання пакарання”.

“Але нават калі жанчына не падпадае пад амністыю, у яе захоўваецца шанец звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам і быць памілаванай у індывідуальным парадку, калі яна гатовая весці законапаслухмяны лад жыцця і шчыра раскаялася ў здзейсненым”, — сказала Чупрыс.

Законапраект аб амністыі арыентаваны на жанчын, якія былі асуджаныя і адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі. Яны будуць вызваленыя ад пакарання ў тых выпадках, калі здзейснілі злачынства, быўшы непаўналетнімі, і адбылі не менш за 1 год прызначанага пакарання.

Калі яны не адбылі 1 года, то для іх, а таксама для мужчын, якія здзейснілі злачынства ў непаўналетнім узросце і адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі, прадугледжанае скарачэнне тэрміну пакарання на 3 гады, адзначыла Чупрыс.

Скарачэнне на 2 гады прадугледжанае для цяжарных жанчын, а таксама тых, у каго трое або больш непаўналетніх дзяцей. Для астатніх жанчын, якія трапляюць пад амністыю, тэрмін пакарання будзе скарочаны на 1 год.

“Гэта тычыцца пенсіянерак, жанчын, якія маюць адно або двое непаўналетніх дзяцей, жанчын з інваліднасцю першай і другой груп, жанчын з анкалагічнымі захворваннямі”, — падкрэсліла спікер. Акрамя таго, пад амністыю трапляюць асуджаныя жанчыны, якім было прызначанае пакаранне, не звязанае з прымусовай ізаляцыяй ад грамадства (штраф, папраўчыя работы і да т.п.).

“Асаблівасцю законапраекта з’яўляецца і тое, што ён распаўсюджваецца на жанчын, якія яшчэ не былі асуджаныя, але ў дачыненні да якіх справы разглядаюцца ў судзе або вядзецца папярэдняе следства”, — дадала Чупрыс.

Законапраект “Аб амністыі ў сувязі з Годам беларускай жанчыны”, анансаваны 28 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 26 лістапада.

За папярэднія пяць гадоў у Беларусі абвясцілі тры амністыі, апошняя з якіх у траўні 2025 года была прымеркаваная да Дня перамогі. Яна мелася закрануць 7.630 асуджаных.

Амністыі 2024 і 2022 гадоў былі звязаныя з 80-годдзем вызвалення Беларусі і Днём народнага адзінства адпаведна.

У ліпені 2024 года дзяржСМІ цытавалі міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, які паведаміў, што папярэдняя амністыя ахапіла каля 5,5 тыс. чалавек. Пры тым, што ў 2023 годзе амністыі не было, зняволеныя выходзілі на волю цягам шасці месяцаў, пачынаючы са снежня 2022 года.

На неабходнасці надаць асаблівую ўвагу вызваленню жанчын, на чым сёлета робіцца акцэнт, Лукашэнка настойваў неаднаразова. Калі 11 студзеня 2024 года ён даручаў падрыхтаваць новую амністыю, то заявіў: “Трэба будзе больш пільна паглядзець на жанчын і дзяцей, на жанчын з дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных”.

Амністыі не закраналі палітвязняў, аднак у 2025 годзе паведамлялася, што адначасова з агульнай амністыяй Лукашэнка памілаваў 42 чалавекі, асуджаных па палітычных справах.

Практыка вызвалення палітвязняў працягваецца з ліпеня 2024 года і не звязаная з агульнай амністыяй. Раней было не менш за 15 хваль памілаванняў, у выніку якіх на волю выйшла каля 400 чалавек.

Апошняе памілаванне палітвязняў адбылося 24 верасня 2026 года. Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 15 асуджаных, 13 з іх улады аднеслі да тых, хто здзейсніў “злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці”.

“Большасць памілаваных — жанчыны (10 чалавек)”, — адзначала прэс-служба Лукашэнкі.

Палітык пастаянна падкрэслівае асаблівае гуманнае стаўленне да жанчын у Беларусі, а таксама сцвярджае, што з жанчынамі не ваюе.

Аднак на гэтым фоне з 2020 года больш за 2 тыс. жанчын зазнала ў Беларусі палітычна матываваны крымінальны пераслед, цяпер як мінімум 115 з іх застаюцца за кратамі ў статусе палітвязняў. Паводле даных праваабарончага цэнтра “Вясна”, як мінімум 58 жанчын было асуджана завочна, ад пачатку 2025 года пры садзейнічанні ЗША 56 жанчын былі памілаваныя і прымусова выправаджаныя з Беларусі.

На 26 лістапада ў Беларусі 886 чалавек прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.
Большасць з іх абвінавацілі паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса, звязаных з “экстрэмізмам”.

Падзяліцца: