Мінск 13:57

Двум грамадзянам Беларусі пагражае да 10 гадоў зняволення за кантрабанду ветпрэпаратаў — мытня

Фота: прэс-служба ДМК

26 лістапада, Позірк. Брэсцкая мытня распачала крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 228 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС тавараў у буйным памеры) у дачыненні да двух грамадзян Беларусі ды “іншых неўстаноўленых асоб”, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).

Прычынай крымінальнага пераследу стала спроба ўвезці ў Беларусь з Польшчы каля 280 адзінак ветпрэпаратаў коштам прыкладна 100 тыс. рублёў (больш за 33 тыс. долараў). Прэпараты вынятыя.

Паводле інфармацыі ведамства, у пункт Казловічы (з боку Польшчы — Кукурыкі) прыбыў грузавік “Опель”, які належыць польскаму перавозчыку. Згодна з дакументамі, у ім транспартавалася адзенне, спартыўнае абсталяванне і электроніка.

46-гадовы беларус, які кіраваў грузавіком, зарэгістраваўся ў зоне мытнага кантролю, але не накіраваўся для далейшага афармлення грузу, а паехаў на стаянку, дзе яго чакаў мікрааўтобус “Фольксваген” таго ж перавозчыка.

У мікрааўтобусе, за стырном якога быў 56-гадовы грамадзянін Беларусі, знаходзілася рэнтгенаўскае абсталяванне, якое на той момант ужо прайшло мытнае афармленне. Мужчыны “знялі накладзеныя на аўто пломбы і перагрузілі з адной машыны ў другую ветэрынарныя прэпараты, якія і выявілі пасля мытнікі пры надглядзе”.

“Цяпер абодвум пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 10 гадоў”, — адзначае мытны камітэт.

16 кастрычніка ДМК паведаміў пра спробу незаконнага ўвозу ў Беларусь 311 упаковак ветэрынарных лекаў коштам каля 243 тыс. рублёў.

6 кастрычніка мытня арыштавала рэйсавы аўтобус на мяжы з Польшчай, у ім незаконна перавозіліся ветпрэпараты і аўтазапчасткі.

Падзяліцца: