Мінск 14:29

Прэзідэнт Мазамбіка зацікаўлены ў “істотным умацаванні” эканамічных сувязяў з Беларуссю — МЗС

23 кастрычніка, Позірк. Прэзідэнт Мазамбіка Даніэль Франсішку Шапу выказаў зацікаўленасць у істотным умацаванні эканамічных сувязяў з Беларуссю, паведаміла прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі па выніках цырымоніі ўручэння яму 22 кастрычніка даверчых грамат амбасадарам у Зімбабвэ і Мазамбіку па сумяшчальніцтве Юрыем Нікалайчыкам.

Разам з ім, паводле інфармацыі мазамбікскага інфармагенцтва AIM, граматы ўручалі кіраўнікі дыпмісій Габона, Германіі, Грузіі, Еўрасаюза, Нідэрландаў, Турцыі і Францыі.

МЗС Беларусі паведаміў, што Нікалайчык і Шапу абмеркавалі супрацоўніцтва ў механізацыі сельскай гаспадаркі, забеспячэнні харчовага суверэнітэту Мазамбіка, энергетыцы, лічбавізацыі і бяспецы.

Нікалайчык заявіў пра гатоўнасць Мінска развіваць эканамічныя праекты з Мазамбікам і адзначыў цікавасць беларускіх кампаній да пашырэння дзелавых сувязяў.

Суразмоўцы абмеркавалі падрыхтоўку афіцыйнага візіту Шапу ў Беларусь.

На пачатку кастрычніка ў Мінск прыязджаў міністр энэргетыкі і мінеральных рэсурсаў Мазамбіка, а міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў наведваў Мазамбік 16-18 ліпеня.

Тады паведамлялася, што Рыжанкоў перадаў прэзідэнту Мазамбіка асабістае пасланне Аляксандра Лукашэнкі з прапановай наведаць Беларусь, якое “было з удзячнасцю прынятае“. “Даніэл Шапу даў даручэнне Міністэрству замежных спраў і супрацоўніцтва прыступіць да падрыхтоўкі і напаўнення свайго візіту“, — гаварылася ў паведамленні МЗС Беларусі.

Было заяўлена, што Шапу вызначыў службовых асоб ва ўрадзе, адказных за ўзаемадзеянне з Беларуссю.

Віншуючы прэзідэнта Мазамбіка з Днём незалежнасці 25 чэрвеня, Лукашэнка адзначыў, што разглядае гэтую дзяржаву як “стратэгічны пункт апоры на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Афрыкі“ і гатовая да далейшага паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва, “у тым ліку з удзелам суседніх дзяржаў рэгіёну“.

30 красавіка паведамлялася, што ўпершыню ў гісторыі стасункаў з Мазамбікам у Беларусі акрэдытаваны ваенны дыпламат з гэтай афрыканскай краіны — аташэ па пытаннях абароны пры пасольстве Мазамбіка ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) палкоўнік Педру Ціягу Каува.

19 лютага Лукашэнка прапанаваў пабудаваць порт у Мазамбіку прадстаўніку яго заходняга суседа — старшыні Сената Зімбабвэ Мейбл Мэморы Чынамоне.

Інтарэсы Мінска ў Мазамбіку раней прадстаўляў амбасадар у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Гэтая замежная ўстанова паведамляла, што ў 2021 годзе тавараабарот Беларусі і Мазамбіка склаў 957,9 тыс.долараў (беларускі экспарт — 742,1 тыс.).

Лукашэнка неаднаразова пацвярджаў гатоўнасць прыняць прэзідэнта Мазамбіка ў Мінску або наведаць сталіцу Мапуту з афіцыйным візітам для “прадметных перамоваў па ўсім комплексе пытанняў двухбаковага і міжнароднага парадку дня“.

Дыпламатычныя стасункі паміж дзяржавамі ўстаноўленыя 29 лютага 2000 года.

Падзяліцца: