Мінск 19:15

У Польшчы ў грамадзяніна Літвы канфіскавана амаль 6 тыс. пачкаў цыгарэт, верагодна, увезеных з Беларусі

22 кастрычніка, Позірк. Амаль 6 тыс. пачкаў цыгарэт без польскіх акцызных марак, “верагодна, увезеных з Беларусі“, канфіскавалі супрацоўнікі Надбужанскага аддзела Памежнай аховы Польшчы. Рынкавы кошт тытунёвай прадукцыі перавышае 120 тыс. злотых (каля 31 тыс. долараў ЗША).

Як паведаміла 22 кастрычніка прэс-служба ведамства, цыгарэты былі выяўленыя ў грузавым адсеку фургона “Сітраэн“, які спынілі для праверкі ў раёне горада Радзымін Валамінскага павета (каля 30 км ад Варшавы. — “Позірк“.). За рулём знаходзіўся 37-гадовы грамадзянін Літвы.

Усяго памежнікі канфіскавалі 119.580 цыгарэт. Кіроўца затрыманы, пачата папярэдняе расследаванне па падазрэнні ў здзяйсненні фінансавага злачынства. Перавозчыку пагражае штраф.

Паводле звестак ведамства, з пачатку 2026 года супрацоўнікі Надбужанскага аддзела Памежнай аховы канфіскавалі нелегальныя падакцызныя тавары агульным коштам больш за 32 млн злотых (больш за 8,2 млн долараў).

Падзяліцца: