Мінск 12:11

За мінулыя суткі ад агню загінула два чалавекі, ад пачатку года — 418

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

22 кастрычніка, Позірк. За мінулыя суткі (з 06:00 21 кастрычніка да 06:00 22 кастрычніка) ад агню загінула два чалавекі, вынікае з аператыўных даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле інфармацыі ведамства, 21 кастрычніка ў 16:36 паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Халамер’е (Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці). У гарэлым жылым доме былі знойдзеныя целы непрацоўнай гаспадыні 1968 года нараджэння, а таксама пенсіянера 1961 г.н., які жыў разам з ёй.

Прычыны пажару і гібелі людзей высвятляюцца.

Паводле даных МНС, за мінулыя суткі агнём знішчана дзве адзінкі тэхнікі, пашкоджана сем будынкаў і адна адзінка тэхнікі.

Ад пачатку года, сведчыць зводная табліца на сайце ведамства, на пажарах у Беларусі загінула 418 чалавек (за той жа перыяд 2025 года — 407; +2,7% у гадавым вымярэнні), уключаючы траіх дзяцей (4; −25%). Траўмавана — 539 (480; +12,3%), выратавана — 437 (338; +29,3%).

Падзяліцца: