Мінск 12:53

У Бранскай вобласці РФ беларус пацярпеў у выніку ўдару дрона па фуры — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба СК

22 кастрычніка, Позірк. Грамадзянін Беларусі пацярпеў рана ранкам 22 кастрычніка ў Жукаўскім раёне (Бранская вобласць Расіі) у выніку ўдару беспілотніка па фуры, паведамляе расійскае агенцтва ТАСС са спасылкай на беларускае Міністэрства замежных спраў.

Паведамляецца, што мужчына шпіталізаваны ў траўматалагічнае аддзяленне Жукаўскай міжраённай бальніцы. Пагрозы яго жыццю няма.

8 кастрычніка ў Бранскай вобласці РФ у выніку атакі БПЛА на грузавы аўтамабіль з беларускай рэгістрацыяй была цяжка параненая беларуска, ёй спатрэбілася хірургічнае ўмяшанне, “якое ўключае ампутацыю канцавін”. 13 кастрычніка Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла пра распачатую справу паводле ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму) па гэтым факце.

На наступны дзень пасля здарэння Міністэрства замежных спраў Беларусі ўручыла ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Украіны Івану Навіцкаму ў сувязі з “атакай украінскага беспілотнага лятучага апарата на грузавы аўтамабіль з беларускай рэгістрацыяй у Бранскай вобласці РФ”. Ведамства абвінаваціла Кіеў у наўмысным удары БПЛА па беларускім грузавіку.

9 кастрычніка МЗС Украіны выказаў пратэст у сувязі з заявай беларускага знешнепалітычнага ведамства: “Лічым беспадстаўным ускладанне адказнасці на Украіну без абнародавання пераканаўчых доказаў яе датычнасці. Звяртаем увагу на тое, што публічныя абвінавачванні Украіны з боку Мінска суправаджаюцца рыторыкай пра нібыта наўмыснае ўцягванне Беларусі ў канфлікт і пагрозамі “адэкватных мер у адказ”.

Кіеў адхіліў “падобныя абсурдныя абвінавачванні” ад краіны, якая “з’яўляецца саўдзельніцай злачынства агрэсіі супраць Украіны і аказвае шырокае садзейнічанне Расіі ў злачыннай захопніцкай вайне супраць” украінскай дзяржавы.

17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар БПЛА ў Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які ехаў з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.

Пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, у выніку здарэння загінула жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка.

Лукашэнка заявіў, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў менавіта ўкраінскі дрон.

Крымінальныя справы пасля гэтага былі распачатыя спачатку ў РФ, пасля ў Беларусі — таксама паводле арт. 289 КК. Пазней урад замацаваў за арганізатарамі выезду групы дзяцей за межы краіны на міжнародныя мерапрыемствы і суправаджальнымі асобамі адказнасць за гарантаванне бяспекі непаўналетніх падчас дарогі і знаходжання па-за межамі Беларусі.

Напрыканцы верасня неафіцыйна паведамлялася пра тое, што два беларускія вялікагрузныя аўтамабілі трапілі пад удары беспілотнікаў непадалёк ад пункта пропуску Красны Камень, які знаходзіцца на беларуска-расійскай мяжы, на сумежным баку ў Гомельскай вобласці мае назву Селішча.

Раней паведамлялася пра ўдар беспілотніка ў пункце пропуску Красны Камень на мяжы Гомельскай і Бранскай абласцей. Адзначалася, што ўдар быў нанесены 2 ліпеня ў 11:55. Пацярпеў аўтобус, які ехаў па маршруце Мінск — Анапа, у ім знаходзіліся 19 пасажыраў. Два кіроўцы і адзін пасажыр атрымалі лёгкія раненні.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: