Мінск 11:27

У Мінск прыбыў міністр абароны РФ Белавусаў, будзе абмяркоўвацца ў тым ліку “аб’яднаная вайсковай інфраструктура”

Фота: прэс-служба Мінабароны Беларусі

22 кастрычніка, Позірк. Пасяджэнне сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі пройдзе 22 кастрычніка ў Мінску, паведамляе беларускае ваеннае ведамства.

Адзначаецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго расійскі калега Андрэй Белавусаў.

Паводле інфармацыі ведамства, на парадак дня “вынесеныя пытанні, якія маюць прынцыповае значэнне для ўмацавання абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы”.

Гаворка пра “функцыянаванне рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі”, “удасканаленне аб’яднанай вайсковай інфраструктуры і адзінай сістэмы СПА”, “паглыбленне ўзаемадзеяння органаў вайсковага кіравання ў галіне сумеснай аператыўнай і баявой падрыхтоўкі”.

Падчас анлайн-брыфінгу праз WhatsApp 17 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія хоча размясціць у Беларусі балістычную зброю.

“Ці існуе пагроза ўдараў і павелічэння колькасці атак на заходнюю частку нашай дзяржавы? Безумоўна. Ці рыхтуецца да гэтага Расія? Я думаю, так”, — сказаў ён.

“Нам вядома, што яны размяшчаюць рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі, каб карыстацца калідорам для дронаў і ўзмацняць атакі, — заявіў палітык. — Але ім гэтага мала. Ім патрэбная падтрымка Лукашэнкі для таго, каб на тэрыторыі Беларусі была размешчаная ў тым ліку балістыка. І размяшчэнне балістыкі на тэрыторыі Беларусі — гэта пагроза найперш для захаду (заходняй часткі Украіны. — “Позірк”.)”.

“Я думаю, такія планы Пуцін мае… Але гэта непасрэднае ўцягванне Беларусі ў гэтую вайну. Непасрэднае”, — дадаў Зяленскі, заклікаўшы ўлады ў Мінску не ісці на гэты крок, бо непасрэдны ўдзел у вайне супраць Украіны “гэтак жа сама небяспечны” для беларускіх грамадзян.

Палітык паведаміў, што на захадзе Украіны ўзмацняюць супрацьпаветраную абарону там, дзе ўжо існуе альбо прагназуецца падвышаная пагроза ўдараў.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: