Мінск 22:25

Ціханоўская абмеркавала транснацыянальныя рэпрэсіі з генеральным сакратаром Супольнасці дэмакратый

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

21 кастрычніка, Позірк. Прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай паведаміла 21 кастрычніка пра яе сустрэчу ў Варшаве з генеральным сакратаром Супольнасці дэмакратый (Community of Democracies) Мантасам Адаменасам.

Заяўлена, што Ціханоўская падзякавала Адаменасу за падтрымку беларусаў, кампанію па вызваленні рэжысёра Андрэя Гнёта, супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі інстытутамі.

На сустрэчы бакі абмеркавалі прасоўванне тэмы транснацыянальных рэпрэсій у дачыненні да беларусаў у міжнародных арганізацыях і на форумах. Ціханоўская перадала адпаведныя даклады, падрыхтаваныя яе Офісам сумесна з праваабаронцамі з “рэкамендацыямі для ўрадаў”, гаворыцца ў паведамленні.

Таксама абмяркоўваліся правядзенне адукацыйнай праграмы пры ўдзеле Супольнасці дэмакратый для маладых беларусаў; падтрымка незалежных СМІ і журналістаў; праекты па барацьбе з прапагандай і інш.

Акрамя таго, Ціханоўская і Адаменас абмеркавалі супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі, якія ўваходзяць у Супольнасць дэмакратый, у тым ліку з Панамай (цяпер старшынюе ў арганізацыі), Коста-Рыкай, Сальвадорам, Мексікай, Чылі, Уругваем.

Палітыкі, як паведамляецца, вызначылі “прыярытэты супрацоўніцтва на найбліжэйшыя месяцы”, Ціханоўская паведаміла пра “актуальную палітычную сітуацыю” ў Беларусі і вызваленне палітвязняў.

“Беларусь пакуль не з’яўляецца членам Супольнасці дэмакратый, але гэта пытанне часу. Мы як дэмакратычныя сілы ўжо цяпер фармалізавалі адносіны з гэтай арганізацыяй і будзем удзельнічаць у яе працы, каб прадстаўляць і абараняць інтарэсы беларусаў, як унутры краіны, так і за мяжой”, — адзначыла Ціханоўская.

Адаменас — экс-дэпутат літоўскага Сейма (2008–2020), былы намеснік міністра замежных спраў Літвы (2020–2023). Прыступіў да выканання абавязкаў генеральнага сакратара вышэйзгаданай арганізацыі 1 верасня 2024 года.

Супольнасць дэмакратый (Community of Democracies, CoD) была заснавана ў 2000 годзе. Заснавальнікамі арганізацыі сталі 106 краін, якія падпісалі Варшаўскую дэкларацыю, пацвярджаючы сваю прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям.

Яе мэта — аб’яднаць урады, грамадзянскую супольнасць і прыватны сектар для падтрымкі дэмакратычных прынцыпаў, пашырэння палітычнага ўдзелу, абароны дэмакратычных свабод і ўмацавання дэмакратычных інстытутаў па ўсім свеце.

У склад кіроўнай рады Супольнасці дэмакратый уваходзяць Індыя, Канада, Коста-Рыка, Літва, Польшча, Партугалія, ЗША, Фінляндыя, Чылі, Швэцыя, Эстонія, Паўднёвая Карэя і Японія.

Год таму Аб’яднаны пераходны кабінет падпісаў мемарандум аб супрацоўніцтве з гэтай арганізацыяй.

Гл. таксама:

Ціханоўская заклікала краіны АБСЕ супрацьдзейнічаць транснацыянальным рэпрэсіям

Падзяліцца: