Мінск 18:45

Распачатая спецвытворчасць у дачыненні да дзевяці фігурантаў “справы дваровых чатаў”

Калаж: "Вясна"

21 кастрычніка, Позірк. У дачыненні да яшчэ дзевяці чалавек 21 кастрычніка распачатая спецыяльная (завочная) вытворчасць, паведамляе Следчы камітэт.

Усе фігуранты звязаныя са “справай дваровых чатаў”.

Справы адкрытыя супраць Станіслава Ботвіна, Наталлі Гужавай, Кастуся Кірыленкі, Ігара Ліхача, Вольгі Няхайчык, Лізаветы Плітнік, Андрэя Пупкевіча, Ірыны Трафімік, Івана Амеляна.

Ім інкрымінаваныя арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.

Усіх дзевяцярых заклікаюць з’явіцца ў цэнтральны апарат Следчага камітэта.

Увосень 2024 года супрацоўнікі КДБ правялі рэйд на актывістаў па ўсёй Беларусі. Яны затрымлівалі людзей, якія, на іх думку, былі датычныя да “дваровых чатаў”, незадоўга да затрыманняў прызнаных “экстрэмісцкім фарміраваннем”. У выніку былі затрыманыя дзясяткі чалавек, усё ў рамках крымінальнай справы за “змову з мэтай захопу ўлады”, а таксама за “ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні”.

Дваровыя чаты — лакальныя тэлеграм-супольнасці жыхароў раёнаў і мікрараёнаў, якія ўзніклі пасля пратэстаў 2020 года, на думку СК, яны нібыта ўтваралі “экстрэмісцкае фарміраванне” пад агульнай назвай “Ордэн”.

29 кастрычніка 2024 года КДБ афіцыйна прызнаў гэтую дваровую кааліцыю “экстрэмісцкай”. “Экстрэмісцкімі фарміраваннямі” былі прызнаныя таксама чаты “Злые когтики”, “Сеніца 2.0”, “Салідарнасць”, “Вольныя ваўкі”, “Сухарава”, “Соседи”, “Скромные матрёшки”, “Новогрудская партызаны” і інш. Крымінальныя справы былі распачатыя ў дачыненні да дзясяткаў людзей, многія былі асуджаныя на тэрміны зняволення ад 8 да 10 гадоў.

Раней паведамлялася, што, паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, з 2022 года зафіксавана як мінімум 229 завочных судоў у рамках спецвытворчасці. Агульная колькасць такіх фігурантаў, мяркуючы па даных у спецыяльным тэлеграм-канале СК, 199. Не менш за тры чалавекі прыцягвалі двойчы.

Спецвытворчасць прымяняецца па 34 складах злачынстваў. Сярод іх — акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, дзяржаўная здрада, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да ўвядзення санкцый.

Падзяліцца: