Мінск 15:29

Ціханоўская абмеркавала з рэктарам ЕГУ падтрымку беларускіх студэнтаў і будучыню ўніверсітэта

Рэктар ЕГУ Вілюс Шадаўскас на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

21 кастрычніка, Позірк. Падтрымку беларускіх студэнтаў і будучыню Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта абмеркавала ў Варшаве дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на першай сустрэчы з рэктарам ВНУ Вілюсам Шадаўскасам (на пасадзе са студзеня 2025 года), паведамляе яе прэс-служба.

Палітык падкрэсліла, што ЕГУ — вялікі набытак і каштоўнасць для беларускага грамадства і яго неабходна захаваць як беларускі ўніверсітэт у еўрапейскай адукацыйнай прасторы, зберагчы яго беларускую місію і фокус. 

Бакі абмеркавалі развіццё беларускіх праграм у межах універсітэта, выкладанне беларускай мовы, большае ўключэнне беларусаў у працэс прыняцця рашэнняў, а таксама правядзенне ў найбліжэйшы час кансультацый пра будучыню універсітэта з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай і акадэмічнай супольнасці.

Паводле Ціханоўскай, важна падтрымаць беларускіх студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў ЕГУ, якія ўжо сутыкнуліся з рэпрэсіямі, а многія пасля прызнання ўніверсітэта “экстрэмісцкай арганізацыяй” не могуць вярнуцца дадому.

Разгледжаныя пытанні бяспекі студэнтаў і абітурыентаў, а таксама праблемы легалізацыі для студэнтаў і супрацоўнікаў у Літве.

“У маёй камандзе працуюць і выпускнікі, і выкладчыкі ЕГУ, — адзначыла Ціханоўская. — Я ведаю, як шмат гэты ўніверсітэт даў беларусам, і хачу, каб такую магчымасць мелі наступныя пакаленні студэнтаў. Каб таленавітыя студэнты маглі вучыцца незалежна ад даходаў сям’і, а беларускія выкладчыкі — працягваць сваю працу. І, вядома, нам важна, каб універсітэт захоўваў сваю беларускую місію і фокус”.

“Мы працягнем кансультацыі з кіраўніцтвам універсітэта і, спадзяюся, будзем больш камунікаваць і супрацоўнічаць”, — заявіла дэмлідар.

На пачатак жніўня правабаронцы зафіксавалі 183 факты пераследу па “справе ЕГУ”, 156 з іх — у Беларусі, паведамляў раней праваабарончы цэнтр “Вясна”. Некалькі сваякоў студэнтаў былі асуджаныя па адміністрацыйных справах на 15 сутак.

14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ, які з 2004 года працуе ў выгнанні ў Вільнюсе, і структурныя падраздзяленні, што ўваходзяць у яго склад, “экстрэмісцкай арганізацыяй”, чыя дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая.

16 красавіка МЗС Літвы выказала Беларусі “рашучы пратэст” у сувязі з прызнаннем ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Знешнепалітычнае ведамства расцаніла гэтае рашэнне як “палітычна матываванае, неабгрунтаванае, якое парушае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі”. Выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, што законна працуе ў іншай дзяржаве, абвяшчаецца “экстрэмісцкай арганізацыяй”, МЗС назваў беспрэцэдэнтным.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Беларусі распачатая крымінальная справа за садзейнічанне і фінансаванне “экстрэмісцкай дзейнасці”.

На канец першай дэкады чэрвеня было вядома пра больш як 30 вобшукаў у выпускнікоў, студэнтаў ды іншых асоб, якія маюць дачыненне да універсітэта, а таксама ў іх сваякоў.

Напрыканцы чэрвеня генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара заявіў, што “пагалоўна, без разбору прыцягваць да адказнасці, скажам так, студэнтаў, асоб, якія мелі нейкае дачыненне да гэтай арганізацыі, натуральна, ніхто не будзе”.

Падзяліцца: