Мінск 19:51

“Для нас важна забяспечыць сістэмную падтрымку беларусаў” — Кучынскі па выніках сустрэч з прадстаўнікамі прэм’ера і прэзідэнта Польшчы

Ілюстрацыйнае фота: Natalia Gasiorowska / unsplash.com

21 кастрычніка, Позірк. Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў у Варшаве сустрэчы з кіраўніком палітычнага кабінета прэм’ер-міністра Паўлам Грасем і намеснікам дырэктара бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі прэзідэнта Себасцьянам Кенцекам.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, на сустрэчы з Грасем Кучынскі падняў пытанні атрымання беларусамі ВНЖ, праязных дакументаў і міжнароднай абароны. Ён падкрэсліў, што рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацняюцца, таму важна, каб беларусы і надалей мелі магчымасць “знаходзіць у Польшчы бяспечны прытулак і легальна працаваць”.

Бакі закранулі тэму супрацоўніцтва з Украінай, узаемадзеянне беларускіх дэмсілаў з афіцыйным Кіевам і перспектывы працы ў Люблінскім фармаце.

На сустрэчы з Кенцекам, як паведамляецца, “польскі бок пацвердзіў намер працягнуць традыцыю каляднага прыёму ў гонар беларусаў у рэзідэнцыі Бельведэр і правесці яго на бліжэйшыя Каляды”.

Бакі таксама абмеркавалі сумесныя праекты — у тым ліку пераклады твораў Сяргея Пясецкага, спартыўныя мерапрыемствы і мерапрыемствы, прысвечаныя “агульнай гістарычнай спадчыне Рэчы Паспалітай”.

“Польшча была і застаецца адным з найбольш надзейных і паслядоўных саюзнікаў дэмакратычнай Беларусі. Для нас важна забяспечыць сістэмную падтрымку беларусаў, якія праз рэпрэсіі былі вымушаныя пакінуць радзіму і знайсці прытулак у Польшчы”, — адзначыў Кучынскі.

Паводле яго слоў, Офіс Ціханоўскай працягвае працаваць над тым, каб “кожны беларус меў магчымасць атрымліваць неабходныя дакументы, легальна працаваць і адчуваць сябе ў бяспецы”.

“Акрамя прававых і дыпламатычных пытанняў, важна захаваць і сумесны культурны і гістарычны дыялог. Нашы народы аб’ядноўвае багатая спадчына і агульныя героі, і мы ўдзячныя польскаму боку за захаванне добрых традыцый салідарнасці і гатоўнасць далей развіваць узаемадзеянне на ўсіх узроўнях”, — дадаў Кучынскі.

Па выніках сустрэч беларускі бок адзначыў “важнасць захавання цеснага супрацоўніцтва як з урадам, так і з прэзідэнтам Польшчы”, а таксама “паслядоўнай падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларускага народа”.

Даследчыцы Анаіс Марэн (былая спецдакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі) і кіраўнік праваабарончай ініцыятывы Partyzanka (“Партызанка”) Ганна Маціеўская ў аналітычным дакуменце “Сістэмная прававая ўразлівасць беларускіх “рэлакантаў” у Польшчы: задавальненне патрэбаў у працэдурнай легалізацыі” прыйшлі да высновы, што беларускія эмігранты ў Польшчы сутыкнуліся з усё большай прававой уразлівасцю з-за спалучэння рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў і ўзмацнення жорсткасці міграцыйных працэдур у краіне знаходжання.

У некаторых выпадках гэта можа прывесці нават да дэпартацыі ў Беларусь, дзе ёсць пагроза новага пераследу.

Падзяліцца: