Мінск 19:52

У Кобрынскім раёне ў мясным цэху канфіскавана больш за 600 кг паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі без дакументаў — КДК

21 кастрычніка, Позірк. У Кобрынскім раёне (Брэсцкая вобласць) па выніках праверкі прыватнага мяснога нарыхтоўчага цэха канфіскавана больш за 600 кг мясных замарожаных паўфабрыкатаў і больш за 30 кг гатовай мясной прадукцыі, паведамляе Камітэт дзяржкантролю (КДК).

Кантралёры высветлілі, што цэх рэалізуе замарожаныя паўфабрыкаты з мяса птушкі, свініны, сальцісон і інш. без маркіроўкі і дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку прадукцыі.

Не забяспечвалася захаванне санітарных нормаў і правілаў, парушаліся правілы таварнага суседства пры захоўванні прадукцыі, а для ўпакоўкі паўфабрыкатаў з мяса птушкі выкарыстоўваліся пакеты для смецця.

Вытворчая дзейнасць цэха прыпынялася да ліквідацыі парушэнняў.

За 9 месяцаў 2026 года санітарная служба Мінска канфіскавала больш за 30 тон небяспечных прадуктаў у крамах, на складах і харчовых вытворчасцях. Адсутнічала неабходная дакументацыя, маркіровачныя цэтлікі, скончыўся тэрмін прыдатнасці.

Спецыялісты праверылі 1.940 пробаў на кішачную палачку, сальманелу, прысутнасць недазволеных кансервантаў, фарбавальнікаў, харчовых дабавак, а таксама перавышэнне дапушчальнага ўтрымання нітратаў. Па фактах парушэнняў аштрафавана 1.109 службовых і юрыдычных асоб (агульная сума штрафаў склала 15.481,5 рубля), вынесена 689 прадпісанняў аб прыпыненні (забароне) вытворчасці і (або) рэалізацыі тавараў (работ, паслуг, эксплуатацыі транспартных сродкаў, выдадзена 389 патрабаванняў аб ліквідацыі парушэнняў.

9 кастрычніка паведамлялася, што КДК з пачатку 2026 года праверыў больш за 1,4 тыс. гандлёвых аб’ектаў, у кожным чацвёртым выяўленыя парушэнні. Найбольш распаўсюджанымі былі невыкананне санітарных нормаў і правілаў, продаж прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці. У верасні ў 16 гандлёвых аб’ектах Магілёўскай вобласці выяўлена 51 найменне пратэрмінаваных прадуктаў. Некаторыя тавары былі пратэрмінаваныя больш чым на 200 дзён.

1 верасня КДК паведаміў аб прыпыненні працы чатырох гандлёвых аб’ектаў па продажы вейпаў і вадкасцяў для іх у Брэсце. Падчас праверак ведамства выявіла пратэрмінаваную прадукцыю.

У жніўні камітэт канфіскаваў 40 кг “небяспечнай прадукцыі” ў крамах Брэсцкага і Жабінкаўскага раёнаў (Брсцкая вобласць).

Падзяліцца: