Мінск 20:08

Шасцігадовае дзіця пацярпела ў ДТЗ у Мінску, у дачыненні да кіроўцы таксі распачатая крымінальная справа

Архіўнае фота: dzr.by

21 кастрычніка, Позірк. Следчы камітэт паведаміў пра высвятленне абставінаў дарожна-транспартнага здарэння, у якім 21 кастрычніка пацярпела шасцігадовае дзіця.

ДТЗ здарылася ў Мінску. Паводле папярэдніх даных, удзень 50-гадовы кіроўца таксі, перасоўваючыся на аўтамабілі па дваровай тэрыторыі на вуліцы Рафіева, здзейсніў наезд на школьніка, які выбег на праезную частку. Дзіця атрымала цялесныя пашкоджанні і было шпіталізавана.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група, гаворыцца ў паведамленні, “праведзены дэталёвы агляд, зафіксавана следавая карціна, дапытаныя сведкі, прызначаны шэраг экспертных даследаванняў”.

У дачыненні да кіроўцы распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкс (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

У 2025 годзе колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі знізілася на 5,5% (з 3.453 да 3.262), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: