Мінск 18:45

У Мінску загінуў 53-гадовы рабочы — працаваў на вышыні і праваліўся скрозь дах

Відэа: СК / стоп-кадр: "Позірк"

21 кастрычніка, Позірк. Пры выкананні работ па замене даху на адным са складскіх памяшканняў сталічнай арганізацыі па вуліцы Гурскага загінуў 53-гадовы рабочы, паведамляе Следчы камітэт.

Паводле звестак ведамства, мужчына, “перасоўваючыся па даху будынка без страховачнага абсталявання і сродкаў індывідуальнай абароны, праваліўся ўнутр склада”. У выніку падзення з вышыні ён атрымаў траўмы, ад якіх памёр.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Праводзіцца дэталёвы агляд, фіксуецца следовая карціна, адбіраецца дакументацыя па ахове працы і тэхніцы бяспекі, прызначаны шэраг экспертыз.

20 кастрычніка паведамлялася аб гібелі рабочага на малочна-таварнай ферме ў Добрушскім раёне (Гомельская вобласць).

19 кастрычніка паведамлялася пра гібель 40-гадовага рабочага на будаўніцтве станцыі метрапалітэна на вул. Максіма Багдановіча ў Мінску.

14 кастрычніка ў Магілёве на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў 57-гадовы рабочы загінуў у выніку падзення з вышыні каля трох метраў.

8 кастрычніка загінуў 17-гадовы падсобны рабочы на адным з прадпрыемстваў Брэсцкага раёна.

У красавіку намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Алег Такун паведаміў, што за апошнія 20 гадоў вытворчы траўматызм у Беларусі скараціўся ў тры разы, смяротны — у два. Паводле даных ведамства, у 2025 годзе зафіксаваны гістарычны мінімум колькасці смяротных выпадкаў на працы — 103.

Падзяліцца: