Мінск 16:26

Хрэнін і Белавусаў ухвалілі задуму аператыўных вучэнняў “Шчыт Саюза — 2027”

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны

22 кастрычніка, Позірк. Задуму аператыўных вучэнняў “Шчыт Саюза — 2027” ухвалілі міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго расійскі калега Андрэй Белавусаў 22 кастрычніка ў Мінску на пасяджэнні сумеснай калегіі ваенных ведамстваў дзвюх краін.

Хрэнін, словы якога прыводзіць прэс-служба Мінабароны Беларусі, назваў гэтыя вучэнні галоўным мерапрыемствам па падрыхтоўцы ўзброеных сіл Беларусі і Расіі налета, падкрэсліўшы, што яны будуць мець “выключна абарончы характар”.

“Вынікі сённяшняга пасяджэння чарговы раз пацвердзілі адзінства падыходаў ваенных ведамстваў Беларусі і Расіі да ўзаемадзеяння ў абароннай сферы і нашу нацэленасць на вырашэнне практычных задач па гарантаванні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы”, — заявіў міністр.

У сваю чаргу Белавусаў заявіў, што “сумесная аператыўная і баявая падрыхтоўка войскаў застаецца прыярытэтным кірункам” узаемадзеяння дзвюх краін.

“Працягнем актыўна ўкараняць у навучальны працэс досвед, атрыманы падчас спецыяльнай ваеннай аперацыі (так расійскія, а ўслед за імі і беларускія ўлады называюць поўнамаштабную вайну, якую РФ вядзе супраць Украіны. — “Позірк”.), адпрацоўваць новыя спосабы і тактычныя прыёмы вядзення баявых дзеянняў”, — сказаў ён.

З 2011 года вучэнні “Шчыт Саюза” праводзяцца раз на чатыры гады на тэрыторыі Расіі. Толькі ў 2006 годзе манеўры праводзіліся ў Беларусі.

Падзяліцца: