Улады Беларусі нацэленыя на “сур’ёзныя стасункі” з М’янмай — Лукашэнка

22 кастрычніка, Позірк. Улады Беларусі нацэленыя на “сур’ёзныя стасункі” з М’янмай, бо паміж краінамі існуюць у тым ліку сур’ёзныя “эканамічныя асновы <…> паспяховай супрацы ў будучыні”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы са старшынёй парламента М’янмы (Асамблея саюза) і адначасова кіраўніком яго верхняй палаты (Палата нацыянальнасцей) Аун Лін Двэ.
“Проста трэба не губляць час, а рухацца наперад, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Да гэтага нас падштурхоўвае бурнае развіццё міжнародных стасункаў. Гэтага патрабуе абстаноўка”.
Паводле слоў Лукашэнкі, м’янманскі парламентарый прыбыў у Беларусь менавіта тады, калі ў Мінску “ідзе актыўная прапрацоўка будучых кірункаў супрацы” з Найп’іда.
“І нават не проста кірункаў супрацы, а будучых кантрактаў, канкрэтных спраў паміж вашай краінай і Беларуссю, — удакладніў ён. — Калі быць абсалютна шчырым і казаць дыпламатычна, маю сказаць, што мы можам у гандлёва-эканамічных пытаннях значна больш, чым маем цяпер. Прынамсі, нашыя палітычныя стасункі пайшлі далёка наперад ад эканомікі. Трэба эканоміцы падцягвацца да ўзроўню палітычных стасункаў”.
Лукашэнка лічыць, што беларуска-м’янманскі камітэт па гандлёва-эканамічнай супрацы “павінен унесці больш прапаноў у кірунку інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва дзвюх краін”.
“Абсалютна перакананы, што парламентарыі ў гэтым плане павінны калі не наперадзе прэзідэнтаў быць, то быць сапраўднай апорай кіраўніцтва нашых краін у прасоўванні інтарэсаў Беларусі ў М’янме і М’янмы ў Беларусі. Ваш візіт сведчыць пра тое, што парламентарыі М’янмы ў гэтым кірунку гатовыя дзейнічаць і дзейнічаюць. Запэўніваю вас, што і нашы парламентарыі ў даўгу не застануцца”, — заявіў ён.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і М’янмай усталяваныя 22 верасня 1999 года, аднак іх актыўнае развіццё пачалося не так даўно.
21 жніўня 2026 года ў рамках візіту прэзідэнта М’янмы Мін Аун Хлайна была адкрытая амбасада гэтай краіны ў Беларусі. У кастрычніку ў М’янме пачало працаваць дыппрадстаўніцтва Беларусі.
Беларусь мае “ўсе тэхналогіі”, каб “сёння і заўтра дапамагчы, навучыць, забяспечыць усім неабходным м’янманскі народ”, заявіў Лукашэнка на сустрэчы з Мін Аун Хлайнам у жніўні 2026-га. Частка перамоў прайшла ў закрытым фармаце. Паводле слоў Лукашэнкі, закраналіся пытанні, “якія, на жаль, не агучыш і публічна не абмяркуеш”.
Лукашэнка наведваў з афіцыйным візітам гэтую азіяцкую краіну 27–28 лістапада 2025 года. У 2026-м ён таксама быў у М’янме — 2 ліпеня.
За два тыдні да гэтага, 18 чэрвеня, Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення Беларусі і М’янмы аб супрацы і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.
25 траўня Мінск наведаў міністр абароны М’янмы Тун Аунг.
3 красавіка Лукашэнка “ад імя суайчыннікаў і сябе асабіста” павіншаваў Мін Аун Хлайна з “абраннем на пасаду прэзідэнта” краіны парламентам (у той жа дзень).
Кіраўнік М’янмы — лідар хунты, які ўзначаліў ваенны пераварот у 2021 годзе. У выніку быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад дзяржаўнага саветніка Аун Сан Су Чжы (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру), яна і прэзідэнт Він М’ін былі арыштаваныя.
Пераварот выклікаў масавыя пратэсты, якія перараслі ў грамадзянскую вайну, што цягнецца дагэтуль.
Вынікі выбараў у М’янме не прызнаюцца апазіцыяй і дэмакратычнымі краінамі.
Урад цалкам кантралюе толькі пятую частку краіны.
27 лістапада 2024 года пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (Гаага) Карым Хан запытаў выдачу ордара на арышт Мін Аун Хлайна. Ён абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю ды іншы пераслед мусульман-рахінджа.
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- ЭканомікаУ Беларусі агулам стратная кожная пятая арганізацыя, у Мінску — кожная чацвёртаяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 21 кастрычніка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства


