be
Arrow
Мінск 09:19

Ціханоўская заклікала прэм’ер-міністра Канады захаваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Марк Карні і Святлана Ціханоўская на перамовах у Дубліне 12 лістапада 2026 года
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

13 лістапада, Позірк. Ход перамоваў аб завяршэнні вайны ва Украіне і будучыню Беларусі абмеркавалі на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне 12 лістапада Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр Канады Марк Карні. Пра гэта паведаміла прэс-служба дэмлідара.

Ціханоўская падкрэсліла, што мір павінен быць справядлівым і трывалым, а Беларусь не павінна застацца пад кантролем Расіі.

“Нельга саступаць дыктатарам. Мы ўсе хочам міру, але не коштам незалежнасці іншых народаў. Для беларусаў вельмі важна, каб у выніку перамоваў наша краіна не стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь не павінна быць разменнай манетай. Без свабоднай і незалежнай Беларусі не будзе трывалай бяспекі ў рэгіёне”, — адзначыла Ціханоўская.

Бакі абмеркавалі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку на беларускія калійныя ўгнаенні, а таксама далейшую палітыку міжнароднага ціску на рэжым дзеля дасягнення сістэмных змен у Беларусі. Ціханоўская падзякавала Канадзе за паслядоўную падтрымку беларускага народа і грамадзянскай супольнасці.

Канада — найбуйнейшы у свеце вытворца калійных угнаенняў. Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа зняла санкцыі з беларускай калійнай галіны ў абмен на вызваленне палітвязняў і імкнецца аднавіць закупкі ўгнаенняў у Беларусі. Адна з мэтаў гэтага кроку —  жаданне знізіць залежнасць амерыканскіх фермераў ад нібыта даражэйшага імпарту з Канады ва ўмовах гандлёвых спрэчак.

З Карні Ціханоўская сустракалася на папярэднім саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване сёлета ў траўні. Гэта была першая сустрэча беларускага палітыка з Карні, які ўзначаліў канадскі ўрад у сакавіку 2025 года.

Ціханоўская наведвала Канаду ў лістападзе 2022 года, красавіку і лістападзе 2024-га.

Падзяліцца: