Мінск 07:27

Мінск і Масква абмеркавалі “ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях” — СНД, ЕАЭС і АДКБ

13 лістапада, Позірк. “Узаемадзеянне ў межах міжнародных арганізацый” абмеркавана на тэматычных беларуска-расійскіх міжміністэрскіх (МЗС) кансультацыях 12 лістапада ў Маскве.

Як вынікае з паведамлення МЗС Беларусі, гаворка ішла выключна пра СНД, ЕАЭС і АДКБ.

Беларускую дэлегацыю ачольваў дырэктар дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Андрэй Пракапчук, расійскую — дырэктар першага дэпартамента краін СНД МЗС РФ Мікаэл Агасандзян.

Паводле інфармацыі беларускага ведамства, бакі абмеркавалі “шляхі спалучэння інтэграцыйных працэсаў” і “выпрацоўку агульных падыходаў да рэагавання на сучасныя выклікі”.

У межах СНД разглядалася паглыбленне эканамічнай інтэграцыі, павышэнне эфектыўнасці галіновых органаў і пашырэнне гуманітарнага супрацоўніцтва.

“Абмеркавалі меры па ўмацаванні аўтарытэту Садружнасці на міжнароднай арэне і развіцці сувязяў у фармаце “СНД плюс” з дружалюбнымі краінамі, міжнароднымі арганізацыямі і інтэграцыйнымі аб’яднаннямі, у тым ліку на Афрыканскім кантыненце”, — гаворыцца ў рэлізе.

У дачыненні да ЕАЭС абмяркоўваліся магчымасці пашырэння знешняга гандлю з трэцімі краінамі, у тым ліку стварэнне новых зон свабоднага гандлю і дыверсіфікацыю экспарту.

Папярэднія міжміністэрскія кансультацыі МЗС дзвюх краін прайшлі ў Мінску 2 лістапада. На іх абмеркавалі адносіны з ЕС і “дзейнасць НАТО”.

1 чэрвеня ў Маскве таксама прайшлі міжміністэрскія кансультацыі. Тады МЗС Беларусі адсправаздачылася пра “грунтоўны абмен думкамі” аб “перспектыўных напрамках сумеснай працы ў межах АБСЕ, а таксама аб стане спраў і каардынацыі дзеянняў у дачыненні да ЕС, НАТО і Савета Еўропы”.

Паводле сцвярджэння расійскага ведамства, тады “бакі абмеркавалі дэструктыўную дзейнасць НАТО, Еўрасаюза і Савета Еўропы”, а таксама “падрабязна спыніліся на крызісным становішчы спраў у АБСЕ”. Пры гэтым не ўдакладняецца, што маецца на ўвазе.

9 верасня ў Мінску прайшлі беларуска-расійскія міжміністэрскія кансультацыі МЗС “па ўкраінскай праблематыцы”. 

Падзяліцца: