Мінск 11:09

Урад ухваліў праект пагаднення з М’янмай аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі

13 лістапада, Позірк. Беларускі ўрад пастановай ад 12 лістапада ўхваліў “у якасці асновы для правядзення перамоваў“ праект пагаднення з М’янмай аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі.

На перамовы ўпаўнаважанае Міністэрства адукацыі.

У пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, змяшчаецца традыцыйная для такіх выпадкаў заўвага, што пры неабходнасці ў пагадненне можна ўносіць “змены, якія не маюць прынцыповага характару“.

22 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы са старшынёй парламента М’янмы (Асамблея Саюза) і адначасова кіраўніком яе верхняй палаты (Палата нацыянальнасцяў) Аун Лін Дзве Аляксандр Лукашэнка заявіў, што накіраваны на “сур’ёзныя стасункі“ з М’янмай, паколькі паміж краінамі ёсць у тым ліку сур’ёзныя “эканамічныя асновы <…> паспяховага супрацоўніцтва ў будучыні“.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і М’янмай устаноўленыя 22 верасня 1999 года, аднак іх актыўнае развіццё пачалося не так даўно.

21 жніўня 2026 года ў рамках візіту прэзідэнта М’янмы Мін Аун Хлайна была адкрытая амбасада гэтай краіны ў Беларусі. У кастрычніку ў М’янме пачало працаваць дыппрадстаўніцтва Беларусі.

У Беларусі ёсць “усе тэхналогіі“, каб “сёння і заўтра дапамагчы, навучыць, забяспечыць усім неабходным м’янманскі народ”, заявіў Лукашэнка на сустрэчы з Мін Аун Хлайнам у жніўні 2026-га. Частка перамоваў прайшла ў закрытым фармаце. Паводле слоў Лукашэнкі, закраналіся пытанні, “якія, на жаль, не агучыш і публічна не абмовіш”.

Лукашэнка наведваў з афіцыйным візітам гэтую азіяцкую краіну 27-28 лістапада 2025 года. У 2026-м ён таксама быў у М’янме — 2 ліпеня.

За два тыдні да гэтага, 18 чэрвеня, Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення Беларусі і М’янмы аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.

25 траўня Мінск наведаў міністр абароны М’янмы Тун Аунг.

3 красавіка Лукашэнка “ад імя суайчыннікаў і сябе асабіста” павіншаваў Мін Аун Хлайна з “абраннем на пасаду прэзідэнта” краіны парламентам (у той жа дзень).

Кіраўнік М’янмы — лідар хунты, які ўзначаліў ваенны пераварот у 2021 годзе. У выніку быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад дзярждарадцы Аун Сан Су Чжы (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру), яна і прэзідэнт Він М’ін былі арыштаваныя.

Пераварот выклікаў масавыя пратэсты, што перараслі ў грамадзянскую вайну, якая працягваецца дагэтуль.

Вынікі выбараў у М’янме не прызнаюцца апазіцыяй і дэмакратычнымі краінамі.

Урад цалкам кантралюе толькі пятую частку краіны.

27 лістапада 2024 года пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (Гаага) Карым Хан запытаў выдачу ордара на арышт Мін Аун Хлайна. Ён абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю і іншы пераслед мусульман-рахінджа.

Падзяліцца: