Мінск 15:47

Беларусь выконвае дамоўленасці з ЗША, заявіў Лукашэнка і заклікаў да таго ж амерыканцаў

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

22 кастрычніка, Позірк. Заявіўшы, што Беларусь выконвае дамоўленасці са Злучанымі Штатамі Амерыкі, Аляксандр Лукашэнка заклікаў да таго ж амерыканцаў. Палітык выказаўся на гэты конт 22 кастрычніка ў Мінску, заслухоўваючы даклад пра вынікі працы ў рамках перамоўнага працэсу з ЗША.

Паводле інфармацыі яго прэс-службы, на сустрэчы прысутнічалі прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, генпракурор Дзмітрый Гара, старшыня КДБ Іван Церцель, міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.

“Мы са свайго боку свята выконваем тое, што абяцалі амерыканцам, — заявіў Лукашэнка. — Тады было сказана дэлегацыі, што вельмі хацелася б, каб і амерыканцы ў гэтым плане на 100% выконвалі дамоўленасці. І дамовіліся, што месяц для таго, каб мы падцягнуліся недзе, амерыканцы, як у народзе кажуць, хвасты абсеклі і выйшлі на пляцоўку далейшых дзеянняў. Вось Рыбакоў і дакладзе нам пра гэтую сітуацыю, пра тое, што адбываецца сёння і што нам трэба будзе яшчэ зрабіць”.

Паводле яго слоў, “адміністрацыі ЗША сёння няпроста, працы хапае”. “Але я вельмі шаную, што Дональд Трамп і яго людзі надаюць увагу нашым кантактам. Маюцца зрухі па многіх пытаннях. Нягледзячы на тое, што выпінаюцца асобныя праблемы, як яны кажуць, з абменам палітвязняў на скасаванне санкцый і гэтак далей. Хоць шмат і іншых пытанняў, звязаных з амбасадамі і гэтак далей, сёння ў нас на стале. У тым ліку ўзаемаадносіны Беларусі з Еўрапейскім саюзам, што датычыцца ў тым ліку і Злучаных Штатаў Амерыкі”, — адзначыў Лукашэнка.

Прамоўца падкрэсліў, што Рыбакову было даручана кантраляваць гэты працэс: “Мы яго выкарыстоўвалі як свайго прадстаўніка ў канкрэтных справах і рэчах у ЗША. Для вядзення перамоў і, галоўнае, рэалізацыі нашых дамоўленасцей. Месяц таму мы дамовіліся, што ён прыбудзе ў Беларусь і дакладзе нам пра рэалізацыю нашых дамоўленасцей”.

Лукашэнка папрасіў беларускага дыпламата грунтоўна прадставіць сітуацыю па гэтых пытаннях, каб прыняць рашэнне пра далейшыя дзеянні.

21 кастрычніка Злучаныя Штаты Амерыкі знялі персанальныя санкцыі з генеральнага дырэктара ААТ “Беларуськалій” Андрэя Рыбакова, які трапіў пад абмежавальныя захады ЗША 9 жніўня 2021 года, калі быў кіраўніком дзяржканцэрна “Белнафтахім”.

16 снежня 2024 года Рыбакоў быў уключаны ў санкцыйны спіс ЕС і фігуруе ў ім дагэтуль.

Пасля вяртання Дональда Трампа ў Белы дом на пачатку 2025 года актывізаваліся публічныя кантакты прадстаўнікоў ЗША і беларускіх уладаў. Паводле вынікаў сустрэч Лукашэнкі з амерыканскімі дэлегацыямі, якія пачалі перыядычна прыязджаць у Мінск, на волю сталі выходзіць групы палітвязняў (пры гэтым рэпрэсіі ў краіне не спыніліся).

У снежні 2025 года Міністэрства фінансаў ЗША выдала генеральную ліцэнзію, якая дазволіла практычна ўсе раней забароненыя аперацыі з “Беларуськаліем”, Беларускай калійнай кампаніяй і яе даччынай кампаніяй Agrorozkvit (Украіна). У сакавіку 2026-га амерыканскія ўлады выключылі ўсе тры арганізацыі з санкцыйнага спіса (незадоўга да гэтага Лукашэнка паводле вынікаў чарговай сустрэчы з прадстаўнікамі Вашынгтона распарадзіўся вызваліць 250 зняволеных).

Падзяліцца: