Мінск 01:48

Сябры памерлага ў Варшаве беларуса Сяргея Пархаця збіраюць 30 тыс. злотых на пахаванне

22 кастрычніка, Позірк. Сябры і блізкія памерлага ў Варшаве 50-гадовага беларуса Сяргея Пархаця (псеўданім Ян Памедор Рэуцкі) абвясцілі збор сродкаў на развітанне з ім, перавозку цела і пахаванне ў Беларусі.

Яны просяць 30 тыс. злотых (7,7 тыс. долараў ЗША), ахвяравана 17 тыс.

“На чужыне асабліва востра адчуваеш сыход кожнага нашага, то развітаемся з ім годна”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра смерць Пархаця стала вядома 20 кастрычніка. Прычына смерці публічна не называлася.

Пархаць быў адным з аўтараў “Музыкальной газеты”, якая выдавалася ў Мінску і асвятляла падзеі на беларускай і сусветнай музычнай сцэне.

У 2012 годзе ён пераехаў у Польшчу, дзе стварыў у “Фэйсбуку“ суполку “Беларусы ў Варшаве”. Яна аб’яднала каля 28 тыс. чалавек. Рэуцкі таксама працаваў барыста і адкрыў у Варшаве кавярню Temperatura.

Падзяліцца: