Мінск 17:48

Сябры памерлага ў Варшаве беларуса Сяргея Пархаця збіраюць 30 тыс. злотых на пахаванне (абноўлена)

дададзены каментар “Позірку” Яўгена Скрабутана, які абвесціў збор, актуалізаваная сабраная сума

23 кастрычніка, Позірк. Сябры і блізкія памерлага ў Варшаве 50-гадовага беларуса Сяргея Пархаця (псеўданім Ян Памедор Рэуцкі) абвясцілі збор сродкаў на развітанне з ім, перавозку цела і пахаванне ў Беларусі.

Яны просяць 30 тыс. злотых (7,7 тыс. долараў ЗША). На 16 гадзін паводле мінскага часу сабрана больш за 23 тыс. злотых (5,3 тыс. долараў).

“На чужыне асабліва востра адчуваеш сыход кожнага нашага, то развітаемся з ім годна”, — гаворыцца ў паведамленні сяброў.

Пра смерць Пархаця стала вядома 20 кастрычніка. 

Ён быў адным з аўтараў “Музыкальной газеты”, якая выдавалася ў Мінску і асвятляла падзеі на беларускай і сусветнай музычнай сцэне.

У 2012 годзе Пархаць пераехаў у Польшчу, дзе стварыў у “Фэйсбуку“ суполку “Беларусы ў Варшаве”. Яна аб’яднала каля 28 тыс. чалавек. Мужчына таксама працаваў барыста і адкрыў у Варшаве кавярню Temperatura.

Адзін з арганізатараў збору, сябар і калега Пархаця Яўген Скрабутан ў каментары “Позірку” адзначыў, што ён быў абвешчаны дзеля падтрымкі сям’і і годнага ушанавання памяці нябожчыка.

Паводле слоў Скрабутана, польская паліцыя працягвае вывучаць абставіны смерці беларуса, прычыну кампетэнтныя ворганы гатовыя раскрыць толькі сваякам памерлага. Усе яны жывуць у Беларусі.

Сябра памерлага падцвердзіў, што Пархаця плануецца пахаваць у Беларусі. Калі гэта адбудзецца, пакуль невядома.

Падзяліцца: