Мінск 11:31

Латвія зафіксавала найбольшую за апошнія 13 дзён актыўнасць мігрантаў на мяжы з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

24 кастрычніка, Позірк. За мінулыя суткі, 23 кастрычніка, Дзяржаўная памежная ахова Латвіі зафіксавала 50 спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з тэрыторыі Беларусі.

Праведзены “Позіркам” аналіз статыстычных даных, якія абнаўляюцца штосутачна, паказаў, што гэта найбольшае значэнне з 10 кастрычніка, калі было зафіксавана 58 такіх спробаў. У прамежку паміж гэтымі датамі сутачныя паказчыкі вагаліся ад 4 (14 кастрычніка) да 39 (22 кастрычніка).

Ад пачатку кастрычніка Латвія спыніла 696 спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі. Максімальны сутачны паказчык у гэтым месяцы быў зафіксаваны 4 кастрычніка — 95.

Ад пачатку 2026 года памежная служба балтыйскай дзяржавы зарэгістравала крыху менш за 12,4 тыс. такіх спробаў — на 12,8% больш, чым за аналагічны леташні перыяд. На латвійскі ўчастак прыпадае 84,7% усёй актыўнасці мігрантаў, зафіксаванай за няпоўныя 10 месяцаў на мяжы Еўрасаюза з Беларуссю (на літоўскі — 12%, польскі — 3,3%).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Падзяліцца: