Мінск 13:39

Украіна і РФ правялі на тэрыторыі Беларусі чарговы абмен целамі загінулых

17 верасня, Позірк. Аб праведзеным у пункце пропуску Новая Гута ў Гомельскай вобласці (з украінскага боку — Новыя Ярылавічы) чарговым абмене целамі расійскіх і ўкраінскіх вайскоўцаў паведамілі дзяржСМІ.

Паводле іх звестак, Расія перадала Украіне 252 целы загінулых, Украіна — 23.

Атрыманне 252 тэл пацвердзіў Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі (Украіна).

Папярэдні абмен адбыўся 13 жніўня. Тады ўкраінскаму боку перадалі 261 цела, расійскаму — 24.

У бягучым годзе большасць вядомых абменаў целамі загінуўшых паміж РФ і Украінай праходзіла праз беларускую тэрыторыю. Публічна пацверджаныя выпадкі — 9 красавіка, 15 траўня, 18 чэрвеня і 16 ліпеня — адбыліся на беларуска-ўкраінскай мяжы. Месцы абмену целамі 29 студзеня і 26 лютага не раскрываліся.

Праз тэрыторыю Беларусі сёлета прайшло ўжо восем абменаў расійскімі і ўкраінскімі ваеннапалоннымі (апошні раз — 24 жніўня).

У інтэрв’ю “Радыё Свабода” (апублікавана 12 жніўня) амбасадар МЗС Украіны Яраслаў Чарнагор, які адказвае за сувязі з беларускімі дэмсіламі, на пытанне аб кантактах Кіева з Мінскам адказаў: “Мы бачым пастаянныя абмены праз тэрыторыю Беларусі ўкраінскіх і расійскіх ваеннапалонных, а без камунікацыі з рэжымам [Александр <…>, што такая камунікацыя адбываецца“.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Лукашэнкі падаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну зімой і вясной 2022 года, а потым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы зараз актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага ваенна-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: