Мінск 11:50

У Літве за кантрабанду беларускіх цыгарэт затрымана 8 чалавек, у тым ліку 3 беларусы і супрацоўнік літоўскай пагранслужбы

30 траўня, Позірк. Аб правядзенні чарговай аперацыі па барацьбе з кантрабандай беларускіх тытунёвых вырабаў паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС Літвы.

У аперацыі былі задзейнічаныя супрацоўнікі ўпраўлення крымінальных расследаванняў, падраздзяленняў дасудовага расследавання і крымінальнай разведкі, спецпадраздзялення Kovas, а таксама аддзела крымінальнай разведкі Віленскага пагранатрада.

Паведамляецца, што на дарозе Вільнюс — Уцена, каля вёскі Вайнішкес Вільнюскага раёна, памежнікі спынілі для праверкі грузавы мікрааўтобус “Мерседэс-Бенц Спрынтар“ пад кіраваннем 48-гадовага жыхара Шальчынінкскага раёна.

У аўтамабілі супрацоўнікі САДМ выявілі 71 скрынку (35.500 пачкаў) кантрабандных цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт гэтай партыі з улікам абавязковых падаткаў у Літве складае амаль 191 тыс. еўра.

Адначасова памежнікі спынілі аўтамабіль “Фольксваген Пасат”, які ехаў прыкладна за тры кіламетры наперадзе мікрааўтобуса і меркавана вёў яго. Паведамляецца, што аўтамабілем, зарэгістраваным у Літве, кіраваў 51-гадовы грамадзянін Беларусі, які мае дазвол на часовае пражыванне ў Літве. Разам з ім ехалі яшчэ двое грамадзян Беларусі, 25 і 28 гадоў, якія таксама законна знаходзіліся ў краіне.

“Падазраючы іх у дачыненні да злачынства, памежнікі неўзабаве затрымалі ў розных месцах яшчэ трох жыхароў Швянчонскага раёна ва ўзросце 20, 34 і 38 гадоў, а таксама 29-гадовага малодшага спецыяліста пагранзаставы ў Адуцішкісе, якога падазраюць у нядобрасумленным выкананні службовых абавязкаў“, — паведаміла САДМ.

Там жа адзначылі, што падчас далейшых працэсуальных дзеянняў і ператрусаў у падазраваных знойдзена і канфіскавана яшчэ 21 тыс. пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі, розныя сумы наяўных грошай і іншыя прадметы, якія маюць значэнне для расследавання. Паводле звестак САДМ, нелегальныя цыгарэты маглі дастаўляцца з Беларусі ў Літву з дапамогай дронаў.

Служба пачала дасудовае расследаванне па фактах незаконнага абароту падакцызных тавараў, а таксама злоўжывання службовым становішчам. Расследаваннем кіруе пракурор аддзела па расследаванні арганізаванай злачыннасці і карупцыі пракуратуры Вільнюскай акругі.

Паведамляецца, што максімальнае пакаранне прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Пасля допытаў затрыманым прызначаныя меры стрымання — ад пісьмовага абавязацельства не пакідаць месца жыхарства да арышту. Акрамя таго, супрацоўнік пагранзаставы ў Адуцішкісе адхілены ад службы, у дачыненні да яго распачатая службовая праверка.

Канфіскаваныя цыгарэты, аўтамабілі, наяўныя грошы і іншыя прадметы захоўваюцца ў падраздзяленнях САДМ.

Падзяліцца: