Мінск 15:49

Амбасада Германіі заявіла пра намер скараціць час чакання шэнгенскіх віз

Цэнтральны чыгуначны вакзал сталіцы Германіі Берліна
Фота: "Позірк"

30 траўня, Позірк. Пра намер скараціць час чакання шэнгенскіх віз заявіла амбасада Германіі ў Беларусі.

“Мы з камандай амбасады вельмі радыя вялікай цікавасці да Германіі. Нам вельмі важна ўмацоўваць існуючыя кантакты паміж Германіяй і Беларуссю і садзейнічаць устанаўленню новых. Афармленне віз гуляе пры гэтым ключавую ролю. На жаль, мы не можам цалкам задаволіць высокі попыт, і тэрміны чакання значна павялічваюцца“, — адзначыла ў відэазвароце кіраўнік нямецкага дыппрадстаўніцтва Катрын аўс дэм Зіпен.

Паводле яе слоў, у будучыні амбасада хоча надаць гэтай праблеме яшчэ больш увагі.

“Мы працуем над рашэннямі, якія дазволяць аптымізаваць працэсы”, — сказала амбасадар.

Яна анансавала новую рубрыку на пляцоўках камунікацыі амбасады з беларускімі грамадзянамі — “Visa: Mission Possible” (“Віза: місія выканальная”; адсылка да вядомых фільмаў з галівудскім акцёрам Томам Крузам “Місія невыканальная”, толькі з процілеглым сэнсам). У рубрыцы будуць размяшчацца ролікі, закліканыя “зрабіць так, каб падача дакументаў на візу была паспяховай”, паведаміла дыпламат.

У суправаджальным прэс-рэлізе адзначаецца, што ў 2025 годзе амбасада ФРГ выдала грамадзянам Беларусі каля 42 тыс. шэнгенскіх віз. Яна “ўваходзіць у дзясятку рэкардсменаў па выдачы віз сярод замежных прадстаўніцтваў Германіі ва ўсім свеце”.

“Мы працуем над тым, што можам змяніць сваімі сіламі, і імкнемся да паляпшэнняў, найперш у дачыненні да тэрмінаў чакання“, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Акрамя таго, дыппрадстаўніцтва мае намер “абвергнуць распаўсюджаныя міфы аб афармленні віз“.

Згодна з данымі міграцыйнай службы Еўрасаюза, летась у Беларусі было выдадзена каля 152 тыс. шэнгенскіх віз. Такім чынам, доля Германіі склала прыкладна 28%.

Паводле статыстыкі знешнепалітычнага ведамства ФРГ, якую прааналізаваў “Позірк“, амбасада ў Мінску ў 2025 годзе апрацавала на 17,5% візавых заяў менш, чым у 2024-м (42.763 супраць 51.841), на 18,2% менш, чым у 2023-м (52.301), і на 56,5% больш, чым у 2022-м (27.319).

У 2020 і 2021 гадах, калі дзейнічалі кавідныя абмежаванні, было апрацавана адпаведна 8.446 і 6.580 заяў (у 5,1 і 6,5 раза менш, чым у 2025-м).

У дакавідным 2019 годзе амбасада апрацавала 35.502 заявы (на 17% менш, чым летась).

Гл. таксама:

У 2025 годзе ў Беларусі выдадзена ў 4,2 раза менш шэнгенскіх віз, чым у 2019-м

Падзяліцца: