Мінск 20:45

42-гадовы машыніст аўтакрана загінуў на будоўлі ў Мінску

Фота: СК

27 лістапада, Позірк. Пра гібель на будоўлі ў Мінску машыніста аўтакрана паведамляе Следчы камітэт.

Паводле папярэдніх даных, падзенне аўтакрана здарылася ўдзень 27 лістапада падчас мантажу апалубкі стужачнага падмурка на будпляцоўцы ў Савецкім раёне горада.

“У выніку здарэння 42-гадовы машыніст, які знаходзіўся ў кабіне, апынуўся пад тэхнікай. Ад атрыманых траўмаў ён памёр”, — гаворыцца ў паведамленні.

На месцы працуе следча-аператыўная група. Высвятляюцца прычыны гібелі рабочага.

23 лістапада 53-гадовы электрык атрымаў цяжкія траўмы, зваліўшыся прыкладна з дзевяціметровай вышыні на будаўнічым аб’екце ў цэнтры Мінска.

19 кастрычніка на будаўніцтве станцыі метро па вуліцы Максіма Багдановіча загінуў 40-гадовы рабочы. Паводле звестак СК, ён упаў з вышыні каля сямі метраў на бетоннае дно будпляцоўкі.

У 2025 годзе на вытворчасці ў Беларусі загінулі 103 чалавекі — гэта гістарычны мінімум, паведамляла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У 2024 годзе загінулых было 105. За апошнія 20 гадоў вытворчы траўматызм скараціўся ўтрая, смяротны — удвая.

Падзяліцца: