Мінск 19:36

СК паведаміў пра блакаванне кіберспартыўнай платформы FACEIT праз дзеяні махляроў ад яе імя

27 лістапада, Позірк. Следчы камітэт паведаміў 27 лістапада аб блакаванні гульнявых сэрвісаў FACEIT на тэрыторыі Беларусі.

Паводле сцвярджэння ведамства, рашэнне прынята на фоне расследавання крымінальных спраў аб махлярстве з выкарыстаннем назвы платформы.

“Апошнім часам пачасціліся выпадкі стварэння фішынгавых спасылак ад імя FACEIT, з дапамогай якіх зламыснікі спрабавалі выкрадаць грошы і прычыняць шкоду грамадзянам Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што па гэтых фактах распачата больш за 10 крымінальных спраў. “Каб прадухіліць далейшыя супрацьпраўныя дзеянні”, прынятае рашэнне аб блакаванні FACEIT, удакладняе СК.

У ведамстве заявілі, што пасля разбіральніцтва доступ да афіцыйнага дамену FACEIT будзе адноўлены.

FACEIT — міжнародная анлайн-платформа для кіберспорту, заснаваная ў 2012 годзе. Яна дазваляе праводзіць рэйтынгавыя матчы, удзельнічаць у турнірах і лігах па розных кампутарных гульнях. Найбольш папулярная сярод гульцоў у Counter-Strike 2.

Сума матэрыяльнай шкоды, нанесенай грамадзянам Беларусі кіберзлачынцамі ў 2025 годзе, склала “крыху больш за 54 млн рублёў”, заявіў на прэс-канферэнцыі 3 лютага ў Мінску намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Рынгевіч.

Падзяліцца: