Мінск 15:54

У рамках “вялікага візіту” Лукашэнка наведае Аман, В’етнам і ААЭ

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

27 лістапада, Позірк. “Вялікі візіт” Аляксандра Лукашэнкі ў “дзяржавы Персідскага заліва і Паўднёва-Усходняй Азіі” анансавала прэс-служба палітыка.

У рамках візіту Лукашэнка наведае Аман, В’етнам і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Адзначаецца, што запланаваныя перамовы з кіраўніцтвам гэтых краін, а таксама “ўдзел у міжнародных мерапрыемствах”.

Асноўнымі тэмамі двухбаковых сустрэч стануць прамысловая кааперацыя, інвестыцыйнае супрацоўніцтва, стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцяў, развіццё гандлёва-лагістычнай інфраструктуры, гаворыцца ў паведамленні.

У Амане, куды візіцёр ужо прыбыў, яму, як паведамляецца, “трэба будзе прарэвізаваць выкананне дамоўленасцяў”, дасягнутых у тым ліку па выніках сустрэч султанам Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам у 2025 годзе.

Звяртаецца ўвага, што цяпер рэалізуецца дарожная карта развіцця беларуска-аманскага супрацоўніцтва на 2026–2027 гады. У стадыі рэалізацыі знаходзіцца праект стварэння ў Амане вытворчага і рээкспартнага хаба беларускай прадукцыі. У Беларусі створаны Аманскі інвестыцыйны фонд.

У Ханоі Лукашэнка правядзе афіцыйныя перамовы, накіраваныя на развіццё двухбаковага супрацоўніцтва з В’етнамам. У Абу-Дабі, акрамя перамоваў на вышэйшым узроўні, палітык возьме ўдзел у канферэнцыі ААН і правядзе шэраг сустрэч.

Апошні раз Лукашэнка наведваў Аман у канцы лістапада — пачатку снежня 2025 года. Увечары 28 лістапада ён прыбыў у Маскат з М’янмы, аднак з’явіўся на публіцы толькі 1 снежня перад закрытымі перамовамі з султанам.

2 снежня Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Алжыр, а ўжо 3 снежня вярнуўся ў Аман для правядзення, як тады паведамлялася, шэрагу непублічных сустрэч.

5 снежня палітык абмеркаваў з кіраўніком Аманскага інвестыцыйнага агенцтва стварэнне сумеснага інвестыцыйнага фонду, будаўніцтва цэлюлозна-кардоннага камбіната ў Беларусі і лагістычнага хаба ў Амане, а таксама інвестыцыі ў беларускі аграпрамысловы комплекс.

17 сакавіка 2026 года ўступіла ў сілу беларуска-аманскае пагадненне аб узаемнай адмене віз. У кастрычніку да выканання абавязкаў прыступіў першы амбасадар Амана з рэзідэнцыяй у Мінску.

20 лістапада Лукашэнка ў віншаванні аманскаму султану з Нацыянальным днём выказаў надзею на рэалізацыю новых сумесных праектаў у 2027 годзе і жаданне сустрэцца для абмеркавання вынікаў праведзенай работы.

Апошні афіцыйны візіт Лукашэнкі ў В’етнам адбыўся ў 2015 годзе, папярэднія — у 1997-м і 2008-м. У траўні 2025 года Беларусь наведаў генеральны сакратар ЦК Камуністычнай партыі В’етнама То Лам. На перамовах з ім 12 траўня ў Мінску Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць аднавіць пастаўкі ў В’етнам прадукцыі беларускага вайскова-прамысловага комплексу.

28 кастрычніка 2026 года падчас візіту ў Ханой міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў перадаў прэм’ер-міністру В’етнама Ле Мінь Хунгу запрашэнне наведаць Беларусь. Паведамлялася, што Мінск і Ханой рыхтуюць дарожную карту супрацоўніцтва на 2027–2029 гады. Магчыма, яна будзе падпісаная падчас візіту Лукашэнкі.

30 кастрычніка па выніках пасяджэння сумеснай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве бакі дамовіліся аб паглыбленні тэхналагічнай кааперацыі ў вайскова-прамысловым комплексе.

Лукашэнка неаднаразова наведваў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У снежні 2024 года адбыўся яго дзясяты візіт у гэтую арабскую краіну.

25 лістапада 2026 года Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб узгадненні з ААЭ плана сумесных мерапрыемстваў у вайсковай сферы на 2027 год.

Тэрміны завяршэння замежнай паездкі Лукашэнкі не паведамляюцца, аднак, згодна з календаром мерапрыемстваў ААН, 8–10 снежня ў Абу-Дабі адбудзецца канферэнцыя па водных рэсурсах, арганізатарамі якой выступаюць ААЭ і Сенегал. Яе мэтай з’яўляецца паскарэнне рэалізацыі шостай Мэты ўстойлівага развіцця ААН, якая прадугледжвае забеспячэнне ўсеагульнага доступу да водных рэсурсаў і санітарыі.

Іншых запланаваных на бліжэйшы час канферэнцый ААН у Абу-Дабі “Позірку” выявіць не ўдалося. Калі гаворка ідзе менавіта пра гэтае мерапрыемства і Лукашэнка не будзе перарываць замежную паездку, яго адсутнасць у Беларусі можа працягнуцца каля двух тыдняў.

Падзяліцца: