Мінск 11:20

У Магілёве створаны аператыўны штаб па расследаванні рабавання банка

27 лістапада, Позірк. Паводле ўказання міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова ў Магілёве створаны аператыўны штаб па раскрыцці здзейсненага ў горадзе рабавання банка, паведаміла ведамства.

Адзначаецца, што ў склад штаба ўвайшлі “самыя дасведчаныя супрацоўнікі розных падраздзяленняў крымінальнай міліцыі МУС, УУС і органаў унутраных спраў магілёўскага гарнізона“.

Для пошуку і затрымання рабаўніка задзейнічаныя спецпадраздзяленні “Алмаз“, АМАП, вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС, супрацоўнікі Дэпартамента аховы і Дзяржаўтаінспекцыі. “Выкарыстоўваюцца магчымасці” рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.

Рабаванне аддзялення “Беларусбанка” было здзейсненае ўвечары 26 лістапада.

Невядомы мужчына, паводле інфармацыі МУС, “пагражаючы прадметам, падобным на пісталет, завалодаў грашовымі сродкамі на суму каля 8 тыс. рублёў і ўцёк“.

Магілёўскі міжраённы аддзел СК распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 207 КК (разбой, учынены з мэтай завалодання маёмасцю ў буйным памеры).

Падзяліцца: