Мінск 11:20

Мэр Варшавы паабяцаў падтрымку беларусам і офісу Ціханоўскай

Рафал Тшаскоўскі на адкрыцці офіса Святланы Ціханоўскай у Варшаве 26 лістапада 2026 года
Фота: Х-акаўнт Рафала Тшаскоўскага

27 лістапада, Позірк. Польская сталіца будзе падтрымліваць Святлану Ціханоўскую, яе офіс і беларускі дэмакратычны рух, напісаў мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі пасля ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця офіса беларускага дэмакратычнага лідара 26 лістапада.

Тшаскоўскі адзначыў, што офіс размясціўся ў былой кавярні “Неспадзянка“ (“Сюрпрыз“) на плошчы Канстытуцыі — месцы, якое ў 1989 годзе стала “адным з сімвалаў варшаўскай “Салідарнасці“ (рух супраціву ў камуністычнай Польшчы. — “Позірк”.) і барацьбы за свабоду“. Паводле яго слоў, гэта “важны сімвал салідарнасці Варшавы з беларусамі, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю”.

“Варшава сёння — дом для тысяч беларусаў. Мы хочам, каб новы офіс стаў месцам сустрэч, супрацоўніцтва, салідарнасці і рэальнай дапамогі. Месцам, дзе беларускі і беларусы змогуць наладжваць сувязі, дзейнічаць на карысць сваёй краіны і змагацца за яе дэмакратычную будучыню“, — напісаў мэр.

“Беларусь — гэта не Лукашэнка. Беларусь — гэта людзі, якія маюць права на свабоду, дэмакратыю і права самастойна вызначаць будучыню сваёй краіны. Беларусь — гэта не Расія, яе месца ў Еўропе“, — падкрэсліў Тшаскоўскі.

Мэр паабяцаў дапамагаць беларусам, якія жывуць у Польшчы, “захоўваць ціск на рэжым і падтрымліваць еўрапейскія памкненні свабоднай Беларусі“. Ён падкрэсліў, што свабодная Беларусь і свабодная Украіна — “важныя элементы бяспекі Польшчы і ўсёй Еўропы“.

“Салідарнасць не ведае межаў. У свабоды няма нацыянальнасці. А Варшава застаецца адкрытай для тых, хто змагаецца за свабоду“, — заявіў Тшаскоўскі.

Ціханоўская ў адказ падзякавала мэра “за падтрымку беларусаў“ і за тое, што ён “даў месца ў Варшаве нашай мове, культуры і нацыянальным сімвалам”.

“Ваша салідарнасць дапамагае нам захоўваць нашу ідэнтычнасць і працягваць працу дзеля свабоднай Беларусі“, — напісала дэмлідар.

Ціханоўская, якая больш за пяць гадоў пражыла ў Літве пасля вымушанага ад’езду з Беларусі ў жніўні 2020 года, пераехала ў Польшчу на пачатку лютага 2026-га. Адной з прычын стала зніжэнне літоўскімі ўладамі ўзроўню яе фізічнай аховы ў кастрычніку 2025 года.

Пра пачатак працы Ціханоўскай у Варшаве было абвешчана 6 лютага. Пры гэтым яе офіс у Вільнюсе працягнуў дзейнасць, захаваўшы дыпламатычную акрэдытацыю (узначальвае дарадца Дзяніс Кучынскі).

У інтэрв’ю “Позірку“ ў сакавіку палітык адзначыла, што Польшча забяспечыла ёй ранейшы ўзровень аховы, а таксама паказала на пашырэнне магчымасцяў узаемадзеяння з беларускімі арганізацыямі.

Падзяліцца: