Рыжанкоў спадзяецца, што адкрыццё амбасады Нікарагуа ў Беларусі будзе спрыяць рэалізацыі сумесных праектаў
27 лістапада, Позірк. Адкрыццё 26 лістапада дыпламатычнага прадстаўніцтва Нікарагуа ў Беларусі будзе спрыяць паспяховай рэалізацыі сумесных праектаў супрацоўніцтва “па шырокім спектры напрамкаў“, лічыць міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.
Такую пазіцыю міністр выказаў на сустрэчы з дарадцам супрэзідэнтаў Нікарагуа па пытаннях інвестыцый, гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва Лаўрэана Артэгай Мурыльё 27 лістапада, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
Суразмоўцы, як адзначаецца, падсумавалі вынікі праведзенага напярэдадні 5-га пасяджэння беларуска-нікарагуанскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння ў розных сферах.
Цырымонія адкрыцця амбасады Нікарагуа адбылася ў Мінску напярэдадні пры ўдзеле Мурыльё і намесніка міністра замежных спраў Беларусі Яўгена Шастакова. Апошні выказаў надзею, што “на працягу бліжэйшых некалькіх месяцаў беларуская місія запрацуе ў Манагуа”.
Улады Нікарагуа 17 лістапада атрымалі з Беларусі 100 адзінак будаўнічай тэхнікі і абсталявання для муніцыпалітэтаў і Міністэрства транспарту і інфраструктуры. З улікам новай партыі МАЗ і “Амкадор ” паставілі ў Нікарагуа 620 адзінак тэхнікі.
У першым квартале 2027 года Нікарагуа разлічвае атрымаць яшчэ 92 адзінкі. Тэхніку будуць выкарыстоўваць для рамонту і ўтрымання дарог, а таксама для ўборкі гарадоў, паведаміў міністр транспарту і інфраструктуры Оскар Мохіка.
15 верасня ў віншаванні супрэзідэнтам гэтай краіны — Даніэлю Артэгу і Расарыё Мурыльё (муж і жонка)— з Днём незалежнасці Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падмурак двухбаковых стасункаў ствараюць “сяброўства і салідарнасць“.
Інстытут двоеўладдзя, які фактычны замацоўвае сямейны рэжым праўлення, дзейнічае ў Нікарагуа са студзеня 2025 года. Лаўрэана Артэга Мурыльё — сын супрэзідэнтаў.
Летась у сярэдзіне красавіка Савет міністраў Беларусі зацвердзіў дадатковае пагадненне з Нікарагуа аб выдаткаванні экспартных крэдытаў на пастаўкі беларускай тэхнікі.
18 ліпеня 2023 года Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Нікарагуа аб узаемнай адмене візавых патрабаванняў. Дамова набыла моц у лютым 2024 года.
Тагачасны прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 14 ліпеня 2023 года падпісаў праект міжурадавага пагаднення з Нікарагуа аб стварэнні сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
15 ліпеня 2024 года Лукашэнка ўхваліў праекты міжурадавых пагадненняў Беларусі з Кубай і Нікарагуа аб “супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах“.
Нікарагуа адносіцца да бедных краін. Паводле статыстычнай базы міжнароднага гандлю ААН (UN Comtrade), у 2024 годзе ўзаемны тавараабарот Беларусі і Нікарагуа склаў 1,85 млн долараў (беларускі экспарт — у асноўным транспарт, абсталяванне, угнаенні на 1,77 млн; нікарагуанскія пастаўкі — прадукты жывёльнага паходжання прыкладна на 80 тыс. долараў).
Нікарагуа традыцыйна падтрымлівае Беларусь і Расію на міжнародным узроўні, напрыклад, адпрэчваючы скіраваныя супраць іх рэзалюцыі Генасамблеі ААН. Шэраг экспертаў сцвярджае, што ўлады краіны фактычна гандлююць сваім палітычным голасам на міжнароднай арэне.
Дыпламатычныя стасункі паміж краінамі ўстаноўленыя ў траўні 1994 года.
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваДаволі высокі ўзровень першаснай дзіцячай інваліднасці ў Беларусі прызнаў прадстаўнік РНПЦМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаНайгоршая сітуацыя з затаваранасцю складоў прампрадукцыяй захоўваецца ў МінскуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаПрадукцыйнасць працы ў гадавым вымярэнні павялічылася толькі ў трох рэгіёнах — даныя БелстатаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваАбвешчаныя лаўрэаты прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваАсаблівасці псіхафізічнага развіцця мае больш за 178 тыс. дзяцей у Беларусі — МінадукацыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
