Мінск 11:48

За суткі на пажарах у Беларусі загінула шэсць чалавек, яшчэ адзін знойдзены патанулым

27 лістапада, Позірк. Шэсць чалавек загінула на пажарах за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6 гадзін 26 лістапада да 6 гадзін 27-га), вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Ведамства зафіксавала гібель чатырох чалавек у Мінскай вобласці (Маладзечна, Пухавіцкі, Любанскі, Лагойскі раёны), па адным — у Гродзенскай (Воранаўскі раён) і Брэсцкай (Баранавічы) абласцях.

Таксама паведамляецца, што 26 лістапада ў рацэ Піна (Пінск, Брэсцкай вобласці) працаўнікі МНС знайшлі і дасталі з вады 64-гадовага мужчыну, які патануў.

За папярэднія дзяжурныя суткі ведамства зафіксавала гібель двух чалавек у Віцебскай вобласці (Браслаўскі і Сенненскі раёны), двух — у Мінскай (Барысаўскі і Смалявіцкі), аднаго — у Гомельскай (Добрушскі).

Суткамі раней МНС зарэгістравала пяць смерцяў на пажарах: дзве ў Гродзенскай вобласці — у Бераставіцкім і Лідскім раёнах, па адной — у Брэсцкім раёне, Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці і Полацкім раёне Віцебскай вобласці.

З пачатку 2026 года ў Беларусі здарылася 5.929 пажараў — на 4% больш, чым за той жа перыяд 2025-га (5.710). У выніку гэтых здарэнняў загінуў 481 чалавек (+5%; 458), траўмавана— 578 (+5,3%; 549).

МНС рэгулярна карэктуе ў бок змяншэння паказчыкі смяротнасці ад агню. Раней Міністэрства тлумачыла гэта тым, што часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца іншая прычына смерці — не праз пажар. І наадварот, узгаранне часам можа паўстаць пасля смерці чалавека.

Падзяліцца: