Мінск 16:39

У Полацку прызнаны несапраўдным шлюб, якім пабраліся дзеля адтэрміноўкі ад прызыву ў войска

27 лістапада, Позірк. Несапраўдным прызнаў шлюб мясцовага жыхара з жанчынай-інвалідам суд Полацкага раёна і Полацка, паведамляе Вярхоўны суд.

Пара пабралася шлюбам у студзені 2025 года. Паколькі адказчыца мела другую групу інваліднасці, адказчыку ў сувязі з названай акалічнасцю на падставе арт. 32 закона “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе“ была дадзеная адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу.

“Падчас разгляду справы суд устанавіў, што пасля рэгістрацыі шлюбу муж і жонка сумесна не пражывалі, агульнай гаспадаркі і агульнага бюджэту не вялі, сумесных фатаграфій у тым ліку з цырымоніі рэгістрацыі не мелі; рэгістрацыя прайшла ў паўсядзённым абстаноўцы, заручальнымі кольцамі жонкі не абменьваліся, жонка захавала дашлюбнае прозвішча. Доказаў наяўнасці агульных інтарэсаў, сумеснага вольнага часу і выканання ўзаемных правоў і абавязкаў мужа і жонкі прадстаўлена не было“, — адзначаецца ў паведамленні.

Урэшце, у перыяд шлюбу па месцы жыхарства адказчыцы перыядычна пражываў іншы мужчына. Ён быў дапытаны судом у якасці сведкі, патлумачыў, што не ведаў, што адказчыца знаходзіцца ў шлюбе.

Суд таксама прыняў да ўвагі, што розніца ва ўзросце мужа і жонкі складае 20 гадоў, а раней адказчыца ўжо была ў шлюбе з мужчынам прызыўнога ўзросту, шлюб з якім быў скасаваны пры дасягненні ім 27-гадовага ўзросту.

Шлюб быў накіраваны не на стварэнне сям’і, а на атрыманне адтэрміноўкі ад прызыву праз сямейнае становішча і да разгляду справы судом сям’я фактычна так і не была створаная, зрабіў выснову суд. Яго рашэнне набыло моц.

За ўхіленне ад службы прадугледжана адказнасць па арт. 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу).

Паводле даных Вярхоўнага суда, колькасць грамадзян, якіх прыцягваюцца па гэтым артыкуле, памяншаецца. У 2016 годзе па арт. 435 КК было асуджана 676 асобаў, у 2023-м — 266. У 2026 годзе Генпракуратура паведаміла аб спыненні крымінальнага пераследу 14 ухілістаў з восені 2025 года.

На пачатку 2023 года былі зніжаны патрабаванні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэнні прыдатнасці да праходжання вайсковай службы. У прыватнасці, верхняя мяжа масы, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спецыяльных аперацый, узнятая з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы пагранічнай службы, а таксама спецыяльныя міліцэйскія злучэнні і воінскія часці.

Раней не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве ў мірны час грамадзяне з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела 37 (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росце 178 см), з блізарукасцю любога вока на адным з мерыдыянаў 6-8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службе ў рэзерве. Як і раней, яны прыдатныя з абмежаваннямі да службы па кантракце ў спецыяльных злучэннях.

Падзяліцца: