Мінск 16:41

Трое беларусаў затрыманыя ў Польшчы за кантрабанду цыгарэт, у іх канфіскаваны электрамабіль Tesla

Фота: Памежная ахова Польшчы

27 лістапада, Позірк. Аб затрыманні трох грамадзян Беларусі па справе аб кантрабандзе цыгарэт паведаміла 27 лістапада Памежная ахова Польшчы.

Адзначаецца, што 24 лістапада ў ходзе ператрусу домаўладання і электрамабіля Tesla на яго тэыторыі выяўлена 820 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі агульным коштам амаль 17 тыс. злотых (каля 4,2 тыс. долараў).

Кантрабанда знаходзілася ў спецыяльна абсталяванай схованцы ў раёне акумулятарнай батарэі электрамабіля.

Падкрэсліваецца, што беларусы затрыманыя з доказамі злачынства ў гаспадарчай пабудове, куды прыбылі, каб забраць цыгарэты са схованкі.

Затрыманым прад’яўленыя абвінавачванні ў тым ліку паводле закона аб “супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны”. У дачыненні да іх вынесеныя рашэнні аб вяртанні ў краіну паходжання з забаронай на ўезд у дзяржавы Шэнгенскай зоны тэрмінам на сем гадоў.

Накладзены арышт на грашовыя сродкі фігурантаў — 2,5 тыс. долараў і 23 тыс. злотых (каля 5,6 тыс. долараў).

Электрамабіль канфіскаваны ў якасці рэчавага доказу.

Падзяліцца: