Мінск 17:06

Пераход на электронную дакументацыю пры грузаперавозках у РФ прыводзіць да збояў у працы Беларускай чыгункі — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: Johannes Plenio / unsplash.com

27 лістапада, Позірк. Пераход на электроннае афармленне чыгуначных грузаперавозак паміж Беларуссю і Расіяй ускладняецца адрозненнямі ў патрабаваннях краін да дакументаў і “несумяшчальнасцю інфармацыйных сістэм”, паведамляе выданне “Дзелавы Пецярбург”.

Праект рэалізуецца сем гадоў. Пры гэтым з Расіі ў Беларусь без папяровых дакументаў ажыццяўляецца больш за 90% чыгуначных грузаперавозак, тады як у зваротным кірунку — практычна ніводнай, адзначае СМІ.

Паведамляецца, што за апошнія два гады праведзена некалькі дзясяткаў пробных адправак грузаў. Выпрабаванні прайшлі паспяхова, аднак выявілі праблемы ў працы чыгункі на тэрыторыі Беларусі.

Паводле слоў першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі (БЧ) Аляксандра Харашэвіча, рэалізацыя пілотнага праекта прывяла да парушэння грузапатокаў і прастояў цягнікоў на тэрыторыі Беларусі. Паўторныя збоі фіксаваліся ў верасні і кастрычніку 2026 года, у лістападзе такіх сітуацый пакуль не было.

Выданне адзначае, што расійская мытня патрабуе падаваць у электронным выглядзе поўную транзітную дэкларацыю з адзнакай аб выпуску тавараў, тады як беларускі бок лічыць дастатковым прадастаўленне міжнароднай чыгуначнай накладной.

Акрамя таго, як паведаміла 23 лістапада галіновае выданне “РЖД-партнёр” са спасылкай на прадстаўніка кампаніі “Расійскія чыгункі” Сяргея Захарава, інфармацыйныя сістэмы Федэральнай мытнай службы РФ не могуць апрацоўваць дакументы ў фармаце, якія выкарыстоўвае БЧ.

Паводле слоў апытанага “Дзелавым Пецярбургам” эксперта ў галіне лагістыкі Аляксея Новікава, у 2026 годзе расійская мытня істотна ўзмацніла кантроль за паходжаннем грузаў, рээкспартам тавараў з трэціх краін і захаваннем санкцыйных абмежаванняў.

На яго думку, дадатковыя патрабаванні да дакументаў фактычна вяртаюць асобныя элементы мытнага кантролю на ўнутраную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС).

Да канца 2026 года плануецца завяршыць выпрабаванні, па выніках якіх павінны з’явіцца адзіныя для абедзвюх краін фарматы электронных дакументаў. Тэрміны іх зацвярджэння пакуль невядомыя.

Адзначаецца, што на красавік 2027 года запланаваны запуск механізму электроннага абмену інфармацыяй паміж мытнымі органамі краін ЕАЭС, які, як чакаецца, дапаможа вырашыць частку існуючых праблем.

У сакавіку 2025 года першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі “Расійскія чыгункі” Сяргей Паўлаў паведаміў аб сумеснай з БЧ рэканструкцыі чыгуначных шляхоў для павелічэння аб’ёмаў перавозак беларускіх грузаў у расійскія парты. Неабходнасць пераарыентацыі грузапатокаў паўстала ў сувязі з заходнімі санкцыямі.

Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, аб’ём чыгуначных паставак бензіну з Беларусі ў Расію за студзень — ліпень 2026 года вырас у 25 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га і склаў амаль 665 тыс. тон, дызельнага паліва — амаль у сем разоў, да 418 тыс. тон.

Паводле звестак Белстата, у студзені — кастрычніку 2026 года аб’ём грузаперавозак усімі відамі транспарту ў Беларусі павялічыўся на 2,8% у параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га. Па выніках мінулага года гэты паказчык знізіўся на 2,6%.

Падзяліцца: