Мінск 18:49

КДБ правёў масавыя ператрусы ў атрымальнікаў еўрапейскіх стыпендый EU4Belarus — SALT

Ілюстрацыя: КДБ

27 лістапада, Позірк. Масавыя ператрусы прайшлі 25 лістапада ў атрымальнікаў стыпендый EU4Belarus — SALT, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Адзначаецца, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі расследуе справу паводле арт. 3611 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім).

Сілавікі прыходзілі таксама да сваякоў удзельнікаў праграмы і людзей, якія маглі атрымліваць яе інфармацыйную рассылку.

Паводле звестак праваабаронцаў, ператрусы праводзілі ўзброеныя аператыўныя групы КДБ па месцы жыхарства, а таксама ў гаспадарчых памяшканнях. Падчас следчых дзеянняў “правяраюць тэлефоны ўсіх, хто знаходзіцца ў памяшканні”. У атрымальнікаў стыпендый і іх блізкіх бяруць падпіскі аб неразгалошванні, паведамляе “Наша Ніва”.

26 лістапада літоўскае Цэнтральнае агенцтва кіравання праектамі (CPVA), якое адмініструе праграму, пацвердзіла ўцечку персанальных звестак яе ўдзельнікаў. У адказе на запыт “Белсату” агенцтва паведаміла, што інцыдэнт здарыўся ў траўні 2026 года праз “чалавечую памылку”: адрасы электроннай пошты некаторых удзельнікаў і звязаных з праграмай асобаў сталі даступныя ўнутры супольнасці.

Выконваючы абавязкі прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па маладзёжнай палітыцы і студэнцтву Аляксей Грахоўскі паведаміў, што дакладная колькасць людзей, якія сутыкнуліся з пераследам, пакуль невядомая.

Грахоўскі заклікаў удзельнікаў праграмы, якія знаходзяцца за мяжой, не ездзіць у Беларусь, а тых, хто застаецца ў краіне і падвяргаецца ціску, — разгледзець магчымасць выезду.

У выпадку ператрусаў або ціску на стыпендыятаў і іх бацькоў ён рэкамендаваў звяртацца да праваабаронцаў, у тым ліку ў цэнтр “Вясна”. Па дапамогу і кансультацыю таксама можна звярнуцца ў прадстаўніцтва АПК па адрасе [email protected].

EU4Belarus — SALT (Support for Advanced Learning and Training) — адукацыйная праграма Еўрасаюза, запушчаная ў траўні 2021 года. Яна прызначана для падтрымкі беларускіх студэнтаў, абітурыентаў, даследчыкаў, выкладчыкаў і спецыялістаў, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам.

Паводле даных Цэнтральнага агенцтва па кіраванні праектамі Літвы, на першым этапе праграмы фінансавую падтрымку атрымаў 201 беларускі студэнт, які навучаўся ў краінах ЕС.

15 ліпеня 2026 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт сайта eu4belarus.info, дзе размяшчалася інфармацыя аб праграмах EU4Belarus — SALT, SALT II, SALT III і Education for Belarusians. У той жа дзень аналагічнае рашэнне вынеслі ў дачыненні да сайта літоўскага Цэнтральнага агенцтва па кіраванні праектамі. Шырокую агалоску гэтыя рашэнні атрымалі ў канцы жніўня пасля рэакцыі Еўрасаюза і Літвы.

Падзяліцца: