Мінск 20:27

Паліцыя Латвіі ўсумнілася ў маштабах кантрабанды беларускіх цыгарэт

Фота: nmp.gov.lv

27 лістапада, Позірк. Рэальныя аб’ёмы кантрабанды цыгарэт з Беларусі ў Еўрасаюз могуць быць меншымі, чым паказваюць міжнародныя даследаванні, вынікае з апублікаванага 27 лістапада паведамлення Падатковай і мытнай паліцыі пры МУС Латвіі.

Ведамства завяршыла расследаванне і перадало ў пракуратуру крымінальную справу ў дачыненні да арганізаванай групы з 18 грамадзян Малдовы і Украіны, якія падазраюцца ў незаконнай вытворчасці тытунёвых вырабаў.

Паведамляецца, што падпольная фабрыка, абсталяваная тэхналогіямі вытворчасці поўнага цыклу, ліквідаваная ў жніўні на ўсходняй ускраіне Рыгі. Прадухілены ўрон дзяржаўнаму бюджэту ацэньваецца ў 10,5 млн еўра.

Паводле звестак ведамства, выяўленыя на прадпрыемстве абсталяванне і сыравіна сведчаць аб тым, што вырабляліся падробкі як еўрапейскіх, так і беларускіх марак цыгарэт (Marlboro, Winston, NZ, Minsk, Davidoff і Parliament).

На месцы таксама былі выяўленыя падробленыя беларускія акцызныя маркі, якія наляпляліся на пачкі нібыта вырабленых у Беларусі цыгарэт, што ўводзіла ў зман як канчатковых спажыўцоў, так і праваахоўныя органы.

У паліцыі адзначылі, што ў міжнародных даследаваннях распаўсюджвання нелегальных цыгарэт у ЕС, заснаваных на аналізе выкінутых цыгарэтных пачкаў, прадукцыя беларускага паходжання ўлічваецца як увезеная кантрабандным шляхам.

“Выяўленая нелегальная вытворчасць пацвярджае, што цыгарэты нібыта беларускага паходжання таксама незаконна вырабляюцца ў Еўрапейскім саюзе. Гэта азначае, што рэальная колькасць падробленых нелегальных цыгарэт у Еўропе можа быць большай, а аб’ём увезеных кантрабандным шляхам цыгарэт — меншым, чым указана ў даследаваннях”, — заявілі ў паліцыі.

Паведамляецца, што расследаванне ў рамках асноўнай крымінальнай справы працягваецца.

14 лістапада Мытны дэпартамент пры Міністэрстве фінансаў Літвы паведамляў аб перахопе адной з найбуйнейшых у 2026 годзе партый нелегальных цыгарэт — 396 тыс. пачкаў Winston Blue з меркавана падробленымі беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт партыі з улікам падаткаў мог перавышаць 2 млн еўра. Паводле звестак ведамства, з пачатку 2026 года ў рамках дасудовых расследаванняў супрацоўнікі крымінальнай службы мытні канфіскавалі каля 3 млн пачкаў нелегальных цыгарэт агульным коштам каля 15 млн еўра, большая частка якіх была ўвезена з Латвіі.

13 жніўня тое ж ведамства паведаміла аб затрыманні грузавіка з 412 тыс. пачкаў нелегальных цыгарэт коштам 2,1 млн еўра. Супрацоўнікі мытні меркавалі, што тытунёвыя вырабы былі вырабленыя на падпольнай фабрыцы, якая дзейнічае ў Латвіі ўжо не першы год.

6 жніўня мытня Літвы паведамляла аб перахопе найбуйнейшай з пачатку года партыі нелегальных цыгарэт — 451,5 тыс. пачкаў коштам каля 2,4 млн еўра. Сярод іх былі цыгарэты беларускіх марак Minsk Superslims і NZ Gold. Грузавік прыбыў з Латвіі, дзе, як мяркуецца, і была вырабленая тытунёвая прадукцыя.

23 ліпеня Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы паведамляла аб канфіскацыі 176 тыс. пачкаў нелегальных цыгарэт коштам амаль 1 млн еўра, у тым ліку беларускіх NZ Gold. Паводле даных ведамства, гэтая партыя таксама магла паступіць з Латвіі.

Падзяліцца: