Мінск 20:07

Намеснік кіраўніка Генштаба анансаваў далейшае нарошчванне вытворчасці тэхнікі сувязі

Фота: Мінабароны

27 лістапада, Позірк. Некалькі дзясяткаў новых і мадэрнізаваных сродкаў і комплексаў сувязі паступілі на ўзбраенне беларускай арміі, паведаміла 27 лістапада Міністэрства абароны.

Паводле слоў намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл па баявым кіраванні генерал-маёра Вадзіма Раманіва, праца па абнаўленні тэхнікі вядзецца “не першы год”, у бліжэйшай перспектыве аб’ёмы яе вытворчасці “будуць толькі нарошчвацца”.

“Тэхніка, якая сёння была выдадзена ў войскі, мае здымны модульны прынцып пабудовы асноўнага абсталявання. Гэта абсталяванне можа здымацца непасрэдна з кунга [кузава-фургона], ставіцца на пэўныя аб’екты, у тым ліку мясцовай інфраструктуры. Гэта патрабаванне, якое прад’яўляе нам рэальнасць”, — заявіў Раманіў.

Яшчэ адной асаблівасцю ён назваў прыцягненне да заключнага этапу мантажу абсталявання вайскоўцаў, якім трэба будзе яго эксплуатаваць. На думку прадстаўніка Генштаба, гэта павысіць эфектыўнасць эксплуатацыі тэхнікі.

Канкрэтныя ўзоры перададзенай войскам тэхнікі і прадпрыемствы-вытворцы ў паведамленні не названыя.

З 7 па 11 верасня ў Беларусі праводзіліся аператыўна-спецыяльныя вучэнні войскаў сувязі, падчас якіх адпрацоўваліся спосабы забеспячэння ўстойлівага кіравання ваеннай арганізацыяй дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка, якія наведаў 11 верасня агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць), падкрэсліў неабходнасць стварэння сістэмы сувязі, якая дазваляе забяспечыць кіраванне дзяржавай ва ўмовах ваеннага канфлікту.

29 траўня Мінабароны паведамляла аб перадачы ў войскі каля 15 адзінак тэхнікі і больш за 50 мабільных камплектаў сувязі. Тагачасны начальнік Генштаба УС Павел Муравейка сцвярджаў, што ўкараненне сучасных сродкаў сувязі і аўтаматызацыі дазваляе камандзіру кантраляваць дзеянні кожнага вайскоўца на поле бою.

11 траўня на нарадзе па пытаннях узбраення і дзяржабаронзаказу Лукашэнка заявіў, што па выніках выканання дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2021–2025 гады доля сучасных узораў зброі ў беларускім войску дасягнула 45%. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на важнасць новых сродкаў сувязі ў сучасным баі.

Падзяліцца: