Мінск 20:06

Выйшаў на волю палітвязень Мікіта Емяльянаў — быў затрыманы ў 2019-м, правёў за кратамі 6,5 года

Мікіта Емяльянаў пасля вызвалення
Крыніца фота: тэлеграм-канал Dissidentby

4 траўня, Позірк. Пасля 6,5 года за кратамі выйшаў на волю палітвязень, актывіст анархісцкага руху Мікіта Емяльянаў, паведамляе праваабарончы праект Dissedentby.

Мужчына цалкам адбыў тэрмін зняволення, правёўшы ў няволі 2.386 дзён (з іх больш за 648 сутак у штрафным ізалятары), адзначаюць праваабаронцы.

Паводле слоў сваякоў, ён адчувае сябе добра, пагаршэння здароўя няма.

Емяльянаў быў затрыманы 20 кастрычніка 2019 года ва ўзросце 19 гадоў (цяпер яму 26). Асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах строгага рэжыму паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным чынам або з прычыненнем буйной шкоды), арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Емяльянава абвінавацілі ў тым, што 25 верасня 2019 года ён і яго таварыш Іван Комар кінулі ў будынак Мінскага гарадскога суда дзве лямпачкі з фарбай, а ноччу 13 кастрычніка таго ж года — ёмістасць з запальнай сумессю ў дзверы СІЗА № 1 (узгарання не здарылася). Паўторны інцыдэнт ля СІЗА адбыўся праз тыдзень — вадкасць загарэлася, у выніку чаго нязначна было пашкоджана пакрыццё дзвярэй. Супрацоўнікі СІЗА ацанілі шкоду ў 1 рубель 48 капеек. Шкода будынку суда ацэненая ў 143 рублі 22 капейкі.

Емяльянаў прызнаў віну часткова. Ён не адмаўляў удзелу ў акцыях і заявіў, што хацеў прыцягнуць увагу да палітвязняў у Беларусі і выказаць нязгоду з дзейнай сістэмай і рэпрэсіямі за свабоду меркаванняў.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляў, што Емяльянаву некалькі разоў падаўжалі тэрмін зняволення паводле ч. 2 арт. 411 КК. Яго тэрмін зняволення ў выніку павялічыўся да 7 гадоў.

Знаходзячыся ў ШІЗА, Емяльянаў 3 лютага 2022 года абвясціў галадоўку ў знак пратэсту супраць жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з ім у турме. Як мяркуецца, ён трымаў галадоўку 20 дзён.

23 сакавіка 2023 года Емяльянава перавялі на турэмны рэжым. Палітвязня змясцілі ў Гродзенскую турму № 1.

Вядома, што там палітвязня пазбавілі працяглага спаткання і перадач, лістоў родныя не атрымлівалі.

У другой палове красавіка 2025 года Емяльянава этапавалі ў ПК № 11 у Ваўкавыску (Гродзенская вобласць). У верасні 2025 года паведамлялася, што Емяльянаў пачаў губляць зрок.

Падзяліцца: